У студыі малявання «Крылы натхнення» пры касцёле на Залатой горцы дзеці зрабілі партрэты мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча

«Ужо чацвёрты год я выкладаю ў студыі малявання «Крылы натхнення» пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы ў Мінску, — расказвае ў сваім Фэйсбуку мастачка Надзея Бука.

— Цяпер там займаецца каля 40 чалавек. Мы пачынаем і заканчваем урокі малітваю, і я стараюся рыхтаваць заняткі з рэлігійнай тэматыкай. Мяне, як і многіх беларусаў, непакоіць тое, што наш мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не можа вярнуцца да сябе на Радзіму і служыць у Беларусі. У яго ёсць на гэта права».

Надзея расказвае, што маленькія мастакі на адным з заняткаў спачатку намалявалі, а потым выразалі з каляровай паперы партрэт нашага арцыбіскупа:

«Партрэты атрымаліся вельмі мілымі. Мы разам маліліся, каб Бог даў сілаў і цярпення кіраўніку нашага Касцёла, а таксама прасілі міра і справядлівасці ў Беларусі. Фатаграфіі партрэтаў і іх аўтараў былі адасланыя мітрапаліту ў Польшчу, дзе ён цяпер знаходзіцца, і яны яму вельмі спадабаліся. Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў дзеткам і папрасіў перадаць ім сваё благаслаўленне. Я шчаслівая!»

 

ave-maria.by
Фота: Гена Бука

для друку для друку