У сметніку знайшлі кнігу XVIII стагоддзя, якая знікла ў вайну з Будслаўскага кляштара

minsk_nachodka2Разам з рэдкім падручнікам тэалогіі ад беларускага пісьменніка-бернардзінца ў смецце адправілі яшчэ тры старадаўнія кнігі.

Хто выкінуў кнігі, невядома. Сайт kp.by паведамляе, што ўнікальныя фаліянты заўважылі валанцёры, якія сартуюць макулатуру з зялёных кантэйнераў «Белгіпс-ЭКА», усталяваных на вуліцах.

— Адразу было відаць, што выданні старадаўнія, да таго ж можна было прачытаць год выдання. Мы перадалі знаходкі на экспертызу ў Нацыянальную бібліятэку, і здагадкі аб тым, што выданні рэдкія, пацвердзіліся, — распавяла намеснік дырэктара «Белгіпс-ЭКА» Лілія Семачкіна.

Самая каштоўная кніга, якую знайшлі ў макулатуры, — падручнік тэалогіі Францішка Прылуцкага на латыні пад назвай Compendium Theologiae Moralis 1765 года. Надрукавалі кнігу ў Вільні ў друкарні айцоў-піяраў . У XVIII стагоддзі ордэн налічваў амаль 100 кляштараў, яго прадстаўнікі былі прафесарамі ў многіх вядомых універсітэтах.

minsk_nachodka3

У Нацыянальнай бібліятэцы нам распавялі, што кніга каштоўная не толькі з-за ўзросту. На старонках ёсць запісы, па якіх высветлілі: падручнік належаў касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.

Аўтар падручніка Францішак Прылуцкі — адзін з самых знакамітых у XVIII стагоддзі беларускіх бернардынскіх пісьменнікаў, ён аўтар некалькіх кніг па тэалогіі, якія маглі вытрымаць некалькі выданняў.

Яны даволі часта сустракаюцца ў спісах беларускіх кляштарных бібліятэк гэтага часу. Аднак у XIX — XX стст. шмат што з такіх кнігазбораў было знішчана спачатку царскімі, а потым і савецкімі ўладамі. На сённяшні дзень выданні твораў Францішка Прылуцкага сустракаюцца не вельмі часта, хоць і рэдкімі іх не назавеш. Але для нас яны, безумоўна, уяўляюць значную гістарычную і музейную каштоўнасць, — патлумачыў навуковы супрацоўнік Гістарычнага музея Юрась Лаўрык.

Як менавіта старажытная кніга з Будслаўскага манастыра трапіла ў кантэйнер з макулатурай ў Мінску — загадка. Вядома толькі, што бібліятэку ў Будславе абакралі падчас Другой сусветнай вайны.

— Бібліятэка ў Будславе была абрабаваная пасля 1939 года, падчас вайны, хутчэй за ўсё. Можа, і раней. Далейшы лёс гэтых кніжак невядомы. У Будславе кляштар быў скасаваны ў 1858 годзе царскім указам. Потым бібліятэка нейкі час існавала, а калі пачалася вайна і тут не было святароў, яе абакралі. Ці вялікая была бібліятэка, сказаць складана. Але, напэўна, не 10 кніжак і нават не 100. Зараз у Будслаўскім манастыры ёсць кнігі, якія захаваліся з канца XIX — пачатку XX стагоддзя, — распавёў «Камсамолцы» айцец Віктар, настаяцель Будслаўскага манастыра.

Сярод знойдзеных кніг быў таксама «Псалтыр» 1888 года.

Знойдзеныя кнігі перададуць у Нацыянальную бібліятэку.

для друку для друку