У Смаргоні завяршыліся Вакацыі з Богам

З 9 па 20 ліпеня ў араторыі імя святога Яна Боско ў Смаргоні прайшлі Вакацыі з Богам. Больш за 90 дзяцей разам з аніматарамі, дыяканам Артурам Ляшнеўскім SDB і сястрой Дар’яй Еўтухоўскай FMA, гледзячы на прыклад жыцця бласлаўлёнай Лаўры Вікуніі, разважалі над тэмай лагера, якая гучала так: «Любоў і дапамога — гэта шлях да Бога».

Удзельнікі вакацый былі падзелены на шэсць каманд, у складзе якіх яны разам маліліся і гулялі, адпачывалі і адначасова дапамагалі адно аднаму ўзрастаць у веры.

Галоўным момантам кожнага дня з’яўлялася святая Імша, пад час якой дзеці праслаўлялі Бога не толькі малітвамі, але і гучнымі спевамі. Потым дзяцей чакалі тэатральныя пастаноўкі, дзякуючы якім усе прысутныя маглі пазнаць важныя падзеі жыцця бласлаўлёнай Лаўры. Праводзіліся і працы па групах, пад час якіх дзеці разважалі над тэмамі кожнага дня і дзяліліся сваімі ўражаннямі з іншымі. Тэма, варта адзначыць, кожны дзень была новая.

Таксама ўдзельнікам вакацый былі прапанаваны разнастайныя гурткі, за дзесяць дзён магчыма было наведаць не адзін, а тры. Такое рашэнне было прынята, каб даць дзецям больш магчымасцей рэалізаваць свае здольнасці і атрымаць досвед у новай для іх тэме.

Усе вырабы, якія зрабілі дзеці пад час гурткоў па інтарэсах, у апошні дзень вакацый былі прадстаўлены ў араторыі для бацькоў і родных маленькіх майстроў.

Адметнай рысай сёлетніх вакацый можна назваць падарожжы. Удзельнікі лагера разам з арганізатарамі наведалі Мінск, а таксама здзейснілі першую дзіцячую пілігрымку да Маці Божай у Гудагай. У Мінску дзеці наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны і заалагічны музей пры БДУ. Паездка ў сталіцу нашай краіны скончылася святой Імшой у касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Пад час пілігрымкі ў Гудагай дзецям трэба было сабраць усе сілы ў кулак і спраўляцца з усімі цяжкасцямі сапраўднага пілігрыма. Нягледзячы на пякучае сонца і шэсць кіламетраў шляху пешшу, кожны пілігрым быў вельмі шчаслівы, хоць і стомлены.

Заканчэнне лагера не абышлося без фінальнага канцэрта, на які былі запрошаны бацькі ўдзельнікаў. Кожная каманда падзялілася сваімі асабістымі талентамі, увазе гледачоў былі прапанаваны віктарына, песня, гульня, банс, сцэнка і нават частушкі. Аніматары разам з дыяканам Артурам таксама падрыхтавалі нумар-сюрпрыз для сваіх выхаванцаў.

Канцэрт, як і кожны дзень лагера, закончыўся слоўкам-сцэнкай на добрую ноч і сумеснай малітвай.

Ева Шавярэнка, тэкст

Караліна Сняжко, Аліна Арцюкевіч, фота

sdb.by

для друку для друку