У Смаргоні прайшоў “Музычны батл”

13 студзеня 2018 года ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся вясёлы творчы вечар — “Музычны батл”.

Перад журы, парафіянамі і гасцямі выступілі дзве каманды ўдзельнікаў. Каманда пакалення 2000-х, у склад якой увайшлі школьнікі і студэнты, выконвала спевы 70-х гадоў XX-га стагоддзя. А каманда пакалення 1970-х, якая складалася з прадстаўніц групы “ADMA” і толькі аднаго саліста, выконвала сучасныя песні 2000-х гадоў.

Такім чынам, у залі араторыя гучалі вядомыя ўсім хіты розных гадоў, і журы было сапраўды цяжка ацаніць, якая з каманд лепш падрыхтавалася да “Музычнага батла”.

Падчас вечара прысутныя змаглі даведацца цікавыя факты і гісторыю з’яўлення кожнай песні, якія ў гэты вечар гучалі са сцэны араторыя. Дарэчы, часам удзельнікі не толькі выконвалі песні, а прадстаўлялі сапраўдны кліп на песню.

Гледачы актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў, а дзеці ўдзельніц старэйшай каманды прыйшлі з плакатамі і загадзя падрыхтаванымі крычалкамі, каб падтрымаць сваіх матуль, некаторыя з якіх упершыню выйшлі на сцэну.

Абедзве каманды ў выніку батла набралі аднолькавую колькасць балаў. Такім чынам, перамог добры настрой і задавальненне ад пройдзенай падрыхтоўкі да “Музычнага батла”.

Пасля слоўка на добрую ноч, малітвы, бласлаўлення і агульнага фотаздымка ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакаў сюрпрыз ад дырэктара супольнасці кс. Алега Жураўскага SDB — салодкі стол у знак падзякі за цудоўны музычны вечар.

sdb.by

для друку для друку