У Смаргонi адзначылi свята Марыі Успамогі Хрысціянаў i юбiлей 25-годдзя манаскага жыцця бiскупа Аляксандра Яшэўскага SDB

20 мая ў парафіі Cв. Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшла агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. На гэтым свяце адбылася яшчэ адна значная падзея – біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці адзначыў 25-годдзе манаскага жыцця.

У Смаргонь, на юбілейную ўрачыстасць, прыбылі шматлікія прадстаўнікі салезіянскай сям’і з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Італіі. Разам з біскупам Аляксандрам адсвяткаваць сумесны сярэбраны юбілей з-за мяжы прыехалі яго аднакурснікі: ксёндз Уладзімір, ксёндз Збігнеў, ксёндз Марэк, ксёндз Барталамей і ксёндз Дарыюш. На святую Імшу прыбылі таксама прадстаўнікі свецкай улады.

Сваім спевам свята ўпрыгожыў парафіяльны хор з Вілейкі. Біскуп-юбіляр узначаліў урачыстую Эўхарыстыю і ахвяраваў яе за ўсю салезіянскую сям’ю Беларусі і тых краін, з якіх паходзяць юбіляры.

Са сваім словам іерарх звярнуўся да прысутных вернікаў. Кажучы пра Евангелле, ён адзначыў: “Божае Слова – гэта вялікі дар, які мы атрымліваем падчас кожнай святой Імшы”.

Біскуп Аляксандр запрасіў усіх прысутных паразважаць разам над тым, што сёння да кожнага чалавека кажа Бог, а таксама вылучыў тры асноўныя моманты ў евангельскім апісанні вяселля ў Кане Галілейскай: дыялог Марыі з Езусам пра недахоп віна, дыялог Марыі са слугамі і дыялог Езуса са слугамі.

“Важна памятаць пра тое, што ёсць Маці тых, хто верыць ў Езуса і тых, хто ахрышчаны Духам Святым – гэта Маці Касцёла, Успамога Хрысціянаў, якая ніколі не старэе і не памірае”, – адзначыў іерарх.

Прыгожым і кранальным стаў момант аднаўлення манаскіх абяцанняў. Разам сабраты-салезіяне паабяцалі перад Богам да канца жыцця трываць у манаскай паслухмянасці, убостве і чыстасці. Пасля адбыліся святочныя віншаванні юбіляраў.

Варта адзначыць, што сярод прысутных вернікаў было шмат дзяцей ва ўрачыстым першакамунійным убранні, якія ў гэты дзень адзначылі завяршэнне “белага тыдня”. Пасля святой Імшы біскуп Аляксандр раздаў хлопчыкам і дзяўчынкам пасведчанні аб прыняцці Першай святой Камуніі.

Напрыканцы святары-юбіляры, якія прыехалі ў Смаргонь першы раз, падзяліліся сваімі ўражаннямі: “Гэта вельмі цудоўная ўрачыстасць. Дзякуючы ёй мы змаглі перажыць выключнае 25-годдзе манаскага жыцця. Мы ўсе ўражаны вялікай адкрытасцю сэрцаў вернікаў гэтай супольнасці. Часта здаралася чуць пра Смаргонь ад сабратоў, якія з намі былі. А зараз мы ўбачылі, як сапраўды прыгожа тут. Вельмі адчуваецца любоў і павага да ксяндза Боско і да салезіянаў”.

Пасля малітвы і супольнага абеду адбылася святочная салезіянская праграма ў амфітэатры ў гарадскім парку, у якой прынялі ўдзел шматлікія вернікі, святары і сёстры, юбіляры.

Пасля выступлення адбыўся розыгрыш латарэі. Каштоўнымі прызамі сталі электронная кніга, планшэт, ровар і шмат іншых рэчаў.

Свята скончылася словам біскупа-юбіляра і бласлаўленнем праз заступніцтва Успамогі Хрысціянаў.

sdb.by

для друку для друку