У Смаргоні адбыўся фінальны тур “Бітвы мікрараёнаў”

22 красавіка ў салезіянскім араторыі імя св.Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбыўся фінальны тур моладзевага праекта II “Бітва мікрараёнаў” — творчы.

Варта нагадаць, што да фіналу каманды прынялі ўдзел у трох турах – прадстаўленне, інтэлектуальны і спартыўны. У выніку каманды ў сваім запасе мелі наступныя балы: “VK” – 640 балаў, “Непадобныя” – 599 балаў, “Black band” – 598 балаў.

Святую Імшу, з якой традыцыйна пачынаўся кожны з тураў праекта, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх на пачатку святой Імшы звярнуўся да моладзі і парафіян са словамі прывітання. Ён адзначыў, што нягледзячы на тое, што ў назве праекта ёсць слова “бітва”, яна павінна быць заўсёды з Богам і грунтавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Падчас гаміліі дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Алег Жураўскі SDB нагадаў пра агульны настрой для ўдзельнікаў фінальнага тура: “Мы прымаем удзел у “Бітве мікрараёнаў” не дзеля таго, каб стаць пераможцамі, але дзеля таго, каб у любові адзін да аднаго падзяліцца тым, што маем”. 

Чацвёрты тур стаў сапраўднай кульмінацыяй “Бітвы мікрараёнаў”. Каманды моцна ўразілі сваёй крэатыўнасцю, моладзевым запалам і энергіяй. Неабходна было паказаць свае таленты ў 6 конкурсах: песня, танец, дэкламаванне верша, малюнак, фотаздымак і жартоўная размінка.

У невялікай зале араторыя сабралася больш за 400 чалавек: удзельнікі каманд, заўзятары, бацькі, сябры і госці. У першым радзе знаходзілася кампетэнтнае журы, якое было запрошана з улікам прапанаваных конкурсаў. Старшыня журы – ксёндз-пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла Алег Жураўскі SDB. Спецыяльна запрошанымі гасцямі былі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, прадстаўнікі ДУА “Смаргонская школа мастацтваў ім. М. К. Агінскага”, ДУА “Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, журналісты мясцовай газеты “Светлы шлях”, салезіяне-супрацоўнікі, адна з сясцёр салезіянак. 

Конкурс песні нікога не заставіў раўнадушным. Кожная каманда прадставіла творы з глыбокім сэнсам. Жывая музыка, хор, розныя падыходы да выступлення заставілі журы добра падумаць над адзнакамі. 

Конкурс танца здзівіў сваёй разнастайнасцю жанраў і ідэямі пастаноўкі. Сучасны танец каманды “Black band” з удзелам не толькі моладзі, але і дзяцей, трымаў залу ў захапленні. Танцавальная вандроўка па краінам свету каманды “VK” акунула кожнага гледача ў захапляльнае відовішча. Каманда “Непадобныя” сваім выступленнем прымусіла задумацца над супрацьстаяннем дабра і зла ў свеце.

Дэкламаванне вершаў беларускіх аўтараў з прадстаўленнем на сцэне дало магчымасць пераканацца ў крэатыўнасці і непаўторнасці кожнай каманды. Журы найбольш уразіў верш “Чатыры лясы” каманды “Black band”. Яго чытала сама аўтарка Ала Клемянок. Падчас дэкламавання ўдзельнікі арганізавалі на сцэне сапраўдны тэатр ценяў. Такое яркае прадстаўленне атрымала вышэйшую адзнаку журы.

Наступныя два этапы творчага тура – конкурс малюнкаў і конкурс фотаздымкаў. Конкурс малюнкаў праходзіў за некалькі гадзін да пачатку 4 тура. Прадстаўнік з кожнай каманды на працягу дзвюх гадзін тварыў на тэму “Бітва праз любоў”. У конкурсе фотаздымкаў неабходна было знайсці вакол сябе сюжэт на біблейскую тэму “Дарога ў Эмаус”. 

Пакуль падводзіліся агульныя вынікі II “Бітвы мікрараёнаў”, слова трымала журы, усе члены якога  выказвалі адну і тую ж думку: смаргонская моладзь уразіла сваёй крэатыўнасцю, талентамі і творчым падыходам да конкурсаў. Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB адзначыў, што парафія Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні жыве і развіваецца, што атмасфера гэтага вечара перадала сямейны дух і радасць, якой жыве моладзь гэтага горада. Рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB быў вельмі ўражаны выступленнем. Святар шмат чуў пра гэты праект, але тое, што ўбачыў зараз, стала для яго вялікай і прыемнай неспадзяванкай. Ён таксама выказаў шчырыя словы падзякі арганізатарам праекта.

Па вініках чатырох тураў у праекце перамагла каманда “VK”, якая набрала 872 балы. Другое месца заняла каманда “Непадобныя” з 841 балам. Трэцяй стала каманда “Black band”, якая ў выніку атрымала 824 балы.

Але якая б каманда не перамагла, самая галоўная перамога была ў тым, што сотні маладых людзей горада, большасць з якіх не былі знаёмыя да гэтай “Бітвы мікрараёнаў”, працавалі разам, рыхтаваліся да тураў, удзельнічалі і памяталі галоўны прынцып – барацьба каманд у духу павагі адзін да аднаго. 

Усе ўдзельнікі і гледачы атрымалі маленькія сувеніры ад арганізатараў – памятныя кішэнныя каляндарыкі II “Бітвы мікрараёнаў” з раскладам працы араторыя. Кожная каманда была ўзнагароджана памятным дыпломам і сертыфікатам на вячэру ў кафэ, каб у спакойнай атмасферы, а не арганізацыйнай сустрэчы, сабрацца камандай, абмеркаваць тое, што прайшло і падзякаваць адзін аднаму за ўсё, што адбылося за гэтыя чатыры месяцы. Узнагароджанне каманд, “слоўца на спакойную ноч” і малітву ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён звярнуўся да каманд і адзначыў, што ў Бога няма пэўных месцаў, няма лепшых і горшых, для Яго ўсе роўныя.

Галоўная мэта II “Бітвы мікрараёнаў” была дасягнута. У ёй  прыняла ўдзел вялікая колькасць моладзі, якая да гэтага часу ўвогуле не ўяўляла сабе такі варыянт адпачынку і сумеснага правядзення вольнага часу. Шмат настаўнікаў, улады горада, школьнікі і студэнты даведаліся пра салезіянскі араторый, пра постаць св.Яна Боско і салезіянскую харызму, якая запальвала сэрцы тых, хто прыходзіў на II “Бітву мікрараёнаў”.

sdb.by

для друку для друку