У Слабодцы развіталіся з с. Францішкай Гайлеш SJE

26 кастрычніка ў Слабодцы адбылося пахаванне сястры эўхарысткі Францішкі Гайлеш, якая апошнія гады свайго жыцця правяла ў Полацку, паведамляе сайт манаскай кангрэгацыі.

Святую Імшу ўзначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Разам з ім маліліся святары, якія добра ведалі сястру Францішку. Гамілію прамовіў кс. Аляксандр Баран, якога спачылая рыхтавала да сакрамантаў.

На пахаванне сабраліся сёстры эўхарысткі, сваякі памерлай і вернікі са Слабодкаўскай парафіі, якія добра ведалі манахіню.

Сястра Францішка Гайлеш нарадзілася 7 лютага 1924 года ў вёсцы Казакова Мёрскага раёну. Сакрамант хросту прыняла ў парафіі Святой Тройцы ў Друі. Калі мела 18 год, адчула пакліканне да манаскага жыцця. Не перашкодзіла ёй і вайна. У пастулят уступіла 9 лютага 1942 года ў Друі. Прыняла яе м. Юзэфа Жук, якая на той час была настаяцельніцай. Першыя шлюбы склала 3 кастрычніка 1943 года.

Сястра Францішка пражыла складанае жыццё: падчас рэпрэсій у 50-ых гадах яе сям’я хавала ў сябе святароў, а калі забралі іх у вязніцу, сястру Францішку забралі разам з імі. Пасля, разам з іншымі сёстрамі, наведвала святароў у турмах і дапамагала ім патрэбнымі рэчамі. Самі манахіні на той час часта дазнавалі голад і пераслед. Але любоў да Хрыста і Яго Касцёла давала ім сіл і натхнення на Божай Службе. Калі святары вярнуліся з вязніцаў, для працы сярод вернікаў усё ж не атрымалі свабоды. Пераслед і розныя шматлікія перашкоды толькі крыху змяняліся, але доўжыліся да памятных нам часоў.

Менавіта тут, каля касцёла ў Слабодцы, быў шпіталь, дзе маглі паміраць людзі, але святар не меў права прыйсці са святарскай паслугай. Сястра, якая працавала ўначы, стварала такую магчымасць, хоць і рызыкавала так, як і святар, які згаджаўся прыйсці да ложка паміраючага.

Сястра Францішка працавала ў Друі, Слабодцы, Браславе, Ідолце, Удзеле, таксама некаторы час на Літве. Розныя абавязкі мела спачылая ў манаскай супольнасці. У 2017 годзе яна святкавала 75 год сваіх манаскіх шлюбаў. Не маем сумніву, што Езус Хрыстус, Які Сам кліча за Сабой шчодра яе ўзнагародзіць за рашучасць і вернасць пакліканню на працягу 77 год. Апошнія гады праз сваю малітву і цярпенне, ахвяруючы іх Богу, дапамагала сёстрам у апостальскай працы ў Полацку. Адышла да Пана 25 кастрычніка 2019 году.

для друку для друку