У Сірыі распачнуць ватыканскі праект лячэння ваеннай траўмы ў дзяцей

Па просьбе Папы Францішка ватыканская бальніца Дзіцятка Езуса будзе аказваць медыцынскую дапамогу ў Сірыі. Раней аналагічны праект быў пачаты ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, якая таксама пацярпела ад узброенага канфлікту.

Новая ініцыятыва была прадстаўлена ў Рыме на кангрэсе «Сірыя. Дзеці і вайна, схаваныя раны». Падлічана, што ў гэтай блізкаўсходняй краіне ў выніку ваенных дзеянняў кожны дзень пакутуюць да 6 млн. дзяцей, а палова з іх увогуле не ведаюць, што значыць жыць у міры, таму што ніколі яго не бачылі. Праект дапамогі, ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Фондам Яна Паўла II, які аказвае спецыялізаваную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад ваеннай траўмы.

«Цяпер у Алеппа спакайней, але вайна ў Сірыі яшчэ не скончана.
У многіх гарадах усё яшчэ працягваецца барацьба і гвалт. Асабліва драматычная сітуацыя складаецца для дзяцей: бо менавіта яны найбольш пакутуюць ад вялізнага стрэсу і іншых наступстваў гэтай страшнай вайны, якая доўжыцца ўжо добрых шэсць гадоў. Таму праект псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваны ў многіх месцах. У Алеппо адказваю за яго я, – распавядае кс. Фірас Лутфі OFM, які працуе ў гэтым горадзе.

– Гэта дапаможа вылечыць скрытыя раны, пераадолець траўму, а таксама развіць таленты ў дзяцей i псіхалагічныя механізмы абароны. Мы будзем рабіць гэта, перш за ўсё, з дапамогай мастацтва, музыкі і спорту.

У Алеппа ёсць шмат дзяцей, і мы не ў стане задаволіць патрэбы ўсіх. Мы пачнем з той колькасці, якая прыходзіць да нашага кляштара».

Прадстаўляючы ініцыятыву Ватыкана арцыбіскуп Пол Галахер падкрэсліў, што яна зʼяўляецца адказам на пажаданне Папы, каб вернікі канкрэтна адказвалі на пакуты свету. «Такім чынам, мы зможам пабудаваць новую надзею для Сірыі, так як менавіта дзеці – гэта яе будучыня, і, такім чынам, надзея гэтай краіны», – падкрэсліў кіраўнік папскай дыпламатыі.

Праект лячэння ваеннай траўмы ў сірыйскіх дзяцей запланаваны на тры гады. На працягу гэтага часу будзе праводзіцца спецыялізаваная тэрапія, а таксама навучанне мясцовага персаналу, каб у будучыні ён мог самастойна аказваць кваліфікаваную дапамогу, параненым канфліктам дзецям.

Ватыканскае Радыё
пераклад catholicnews.by

 

для друку для друку