У Шуміліне вернікі прайшлі ў працэсіі з ружанцовай малітвай

Гэта адбылося ў ноч з 12 на 13 мая.

Працэсіі папярэднічала святая Імша, якая распачалася апоўначы. Узначаліў яе біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Напачатку ён прывітаў усіх святароў, кансэкраваных асобаў, пілігрымаў і вернікаў шумілінскай парафіі – усіх, хто прыехаў ці прыйшоў з гарачым сэрцам у гэтую святочную ноч. Трэба адзначыць, што акрамя вернікаў Віцебскай дыяцэзіі, на богаслужэнні прысутнічалі госці з Мінска і Брэста.

У сваім слове да вернікаў іерарх звярнуў увагу на тыя сто гадоў, што прайшлі ад фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. На першы погляд гэта здаецца вялікім прамежкам часу, але насамрэч гэта было зусім нядаўна. Біскуп нагадаў, што тыя папярэджанні чалавецтву ад Маці Божай, што прагучалі ў Фаціме, на жаль, збыліся. У ХХ стагоддзі адбыліся дзве страшэнныя сусветныя вайны, на прасторах былога Савецкага Саюза адбываўся жорсткі пераслед веры. Але чалавецтва і зараз не страціла шанец на навяртанне, нават адносна невялікая колькасць вернікаў сваёй шчырай малітвай у стане выратаваць свет.

Сімвалічна тое, што Маці Божая аб’явілася маленькім пастушкам з Фацімы. З гэтай нагоды іерарх нагадаў словы Езуса, што “калі не станеце як дзеці, то не ўвойдзеце ў Божае валадарства”. Менавіта дзеці сталі пасярэднікамі паміж Маці Божай і астатнім светам.

Напрыканцы гаміліі біскуп выказаў спадзяванне, што наша жыццё, наша малітва стане паратункам для свету. І што кожны з нас стане прыладай у Божых руках для выратавання гэтага свету.

Пасля бласлаўлення адбылася працэсія з ружанцовай малітвай, калі вернікі з запаленымі свечкамі і ружанцамі ў руках прайшлі вакол святыні. Падчас працэсіі была адмоўлена другая частка ружанца – Таямніцы Святла. Вернікі зрабілі чатыры прыпынкі вакол святыні, на кожным з якіх была адмоўленая ружанцовая таямніца. Апошняя, пятая, таямніца была ў храме. Трэба адзначыць, што начная працэсія вакол храма выглядала вельмі прыгожа. Падчас гэтай працэсіі людзі маліліся таксама і за тых, хто яшчэ не прыйшоў да Бога, за іх хутчэйшае навяртанне.

Пасля працэсіі ў храме працягваецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, а ўжо сёння, 13 мая, тут, у Шуміліне, чакаюць прыезду высокага госця – Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтара.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку