У Шуміліне распачаліся ўрачыстасці з нагоды стагадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай

Сёння, 12 мая, у Санктуарый Маці Божай Фацімскай прыбылі дзве пешыя пілігрымкі, адна з Віцебска, другая – з Полацка. Пілігрымкі былі невялікія па колькасці ўдзельнікаў, але атмасфера ў іх была цёплая, як адзначылі самі ўдзельнікі, сямейная. Полацкая пілігрымка аб’яднала прадстаўнікоў трох парафій: полацкай, празароцкай і глыбоцкай.

А шостай гадзіне вечара ў касцёле распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Падчас гэтага богаслужэння тром шумілінскім вернікам быў удзелены сакрамант канфірмацыі.

На пачатку Імшы кандыдаты, а гэта былі тры маладыя хлопцы, звярнуліся да іерарха з просьбай удзяліць ім сакрамант хрысціянскай сталасці. Біскуп спытаў іх, ці належным чынам яны да гэтага падрыхтаваліся, на што хлопцы адказалі станоўча. Затым кандыдаты ўручылі біскупу букет кветак.

Сваё слова да вернікаў іерарх пачаў са слоў святога Папы Яна Паўла ІІ: “Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі”. Гэтыя словы святы Папа прамовіў падчас сваёй першай пілігрымкі на сваю радзіму, у Польшчу, у якасці Пантыфіка. І гэты візіт стаў паваротным у гісторыі Польшчы, і, наогул, свету, бо менавіта з Польшчы пачаўся крах камуністычнай сістэмы.

Нас сабраў сюды юбілей фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай, адзначыў біскуп Алег, але нас таксама сабраў і Езус Хрыстус. Бо як некалі Ён сказаў сваім апосталам: дзе двое ці трое збяруцца ў маё імя, там і я буду сярод іх.

Зараз няма пераследу Касцёла, але свет па-ранейшаму знаходзіцца яшчэ далёка ад Бога. Ад нашай веры залежыць не толькі наш асабісты лёс, але часта і лёс нашых блізкіх. І нават можна сказаць, што і лёс усяго свету. Сёння Бог дае нам чарговы шанец, каб змяніць гэты свет у лепшы бок. І Ён заўсёды дзейнічае праз чалавека моцай Святога Духа. Біскуп пажадаў кандыдатам да канфірмацыі атрымаць гэту моц, а разам з ёй і Дары Духа Святога.

Часта людзі ўспрымаюць веру толькі як просьбы да Бога ў вырашэнні сваіх жыццёвых праблем. Але Бог стварыў нас для жыцця вечнага, і дзеля гэтага мы патрабуем Божай ласкі, Божай дапамогі, якая праяўляецца ў дзеянні Духа Святога.

Менавіта праз Духа Святога апосталы атрымалі адвагу абвяшчаць Божае слова, гэтай адвагі патрабуем сёння і мы таксама, каб не баяцца і не саромецца вызнаваць сваю веру. Таму напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў, каб моц Духа Святога, якая праз некалькі хвілін сыдзе на гэтых хлопцаў, і нам усім дапамагала ў вызнаванні нашай веры.

Пасля гаміліі кандыдаты разам з астатнімі вернікамі адракліся ад грахоў і вызналі сваю веру. Біскуп Алег удзяліў хлопцам сакрамант канфірмацыі.

Затым адбылася працэсія з дарамі.

Музычнае суправаджэнне Імшы праводзілі музыканты, якія прыехалі ў Шуміліна з Брэста. На што біскуп напрыканцы Імшы пажартаваў, што можа яны прывезлі нам хоць крышку паўднёвага цяпла.

Праўда, у гэты дзень надвор’е спрыяла правядзенню свята, у чым вернікі ўбачылі Божы провід.

Па заканчэнні Імшы вернікаў чакала вячэра на свежым паветры, пасля якой у касцёле адбылося прамое ўключэнне з Фацімы, дзе ў гэты час маліўся Папа Францішак.

А далей распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў цішыні, якая працягнецца ружанцовай малітвай да начной Імшы з працэсіяй апоўначы вакол касцёла.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку