У Шуміліне адзначылі 99-я ўгодкі заканчэння фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай (+відэа)

shumilina28На ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, сёстры законныя, пілігрымы з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, іншых месцаў, а таксама вернікі з Шуміліна.

У гэтыя дні вернікі адзначылі некалькі юбілеяў і гадавін: спаўняецца 420 гадоў з дня падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі, таксама ў гэтым годзе супольнасць айцоў-аблатаў адзначае 200-годдзе заснавання ордэна, таксама ў гэты дзень споўнілася 17 год, як была ўтворана Віцебская дыяцэзія.

Святая Імша з гэтай нагоды распачалася а васямнаццатай гадзіне. Перад богаслужэннем грэка-каталіцкі хор выканаў акафіст – хвалебнае царкоўнае песнапенне ў гонар Езуса Хрыста, Багародзіцы і святых, якое выконваецца стоячы.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Слова да вернікаў прамовіў архімандрыт Сяргей Гаек. У гаміліі ён звярнуў увагу, што гісторыю ўніяцкай царквы трэба разглядаць не ад 1596 года, калі была падпісана ўнія, а значна раней, ад першых хрысціянскіх цэркваў. А падпісанне ўніі было адной са спробаў пазбегнуць падзелу хрысціян на праваслаўных і католікаў, каб усе былі адно, як наказваў Езус Хрыстус.

Архімандрыт таксама нагадаў, што ў грэка-католікаў і рыма-католікаў шмат агульнага. У якасці прыкладу ён узгадаў ікону Маці Божай Валадаркі азёраў, якая напісаная ва ўсходняй традыцыі, але знаходзіцца ў рыма-каталіцкім касцёле і аднолькава шануецца як рыма-католікамі, так і грэка-католікамі.

shumilina15

Падчас казання архімандрыт павіншаваў біскупа Алега Буткевіча з 17 гадавінай утварэння Віцебскай дыяцэзіі і падараваў яму фігурку Езуса Хрыста чорнага колеру, якая была прывезена з Афрыкі. Такую ж чорную фігурку Маці Божай архімандрыт уручыў пробашчу касцёла ў Шуміліне айцу Анджэю Юхневічу.

Завяршыліся ж святкаванні працэсіяй вакол касцёла, падчас якой вернікі маліліся на ружанцы і разважалі над таямніцамі Святла. Прычым малітвы былі як па заходняму абраду, так і па ўсходняму. Падчас гэтай малітвы вернікі трымалі ў руках запаленыя свечкі, таму працэсія вельмі прыгожа выглядала ў вечаровай цемені.

shumilina30

А пасля працэсіі ўсіх чакаў пачастунак, у якім прынялі ўдзел вернікі разам са святарамі.

Дарэчы, у наступным годзе будзе адзначацца стагадовы юбілей фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. З гэтай нагоды з Фацімы ў мінскую архікатэдру прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай, якая будзе знаходзіцца да 16 кастрычніка. Пасля гэтага пачнецца яе падарожжа па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а затым і па парафіях іншых дыяцэзій.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку