У Шуміліне адзначылі 101-я ўгодкі фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай

Урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды адбыліся ў нядзелю, 13 мая.

У санктуарый Маці Божай Фацімскай прыбылі шматлікія пілігрымы з усёй Віцебскай дыяцэзіі, а з парафіі Святой Барбары прыйшла нават пешая пілігрымка ў складзе 22 чалавек.

Святая Імша распачалася а васямнаццатай гадзіне з урачыстага ўваходу святароў і міністрантаў у храм. Праўда, трэба адзначыць, што богаслужэнне пачалося на 15 хвілін пазней запланаванага. Гэта было звязана з тым, што святары, у тым ліку і біскуп, былі занятыя ў канфесіяналах, каб паспець паспавядаць усіх жадаючых. Як адзначыў біскуп Алег, перад імі была дылема: паспець усіх паспавядаць і пры гэтым на Імшу не спазніцца.

У богаслужэнні ўдзельнічалі канцлер дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, афіцыял біскупскага суда ксёндз Аляксей Ляшко, айцец Кшыштаф Коц’ян ОР, які прывёў пешую пілігрымку з Віцебска, грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Грышан.

Пасля ўрачыстага ўваходу святароў у храм, пробашч парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч ОМІ зачытаў сведчанне таго, як 101 год таму перад пастушкамі ў Фаціме аб’явілася Маці Божая.

– І вось зараз, – адзначыў святар, – Маці Божая Фацімская сабрала нас у 101-ю гадавіну сваіх аб’яўленняў. Верым, што праз яе заступніцтва мы дойдзем да Яе Сына Езуса Хрыста.

Трэба адзначыць, што ў гэты дзень біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч адзначаў гадавіну свайго святарскага пасвячэння. З гэтай падзеяй і павіншавалі яго вернікі на самым пачатку Імшы. “Як зерне, кінутае ў зямлю, дае свой плён, хай жа і Ваша дзейнасць дае свой плён для нашай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі,” – адзначылі вернікі ў сваім віншаванні.

Біскуп, які ўзначаліў святую Імшу, у сваім прывітальным слове падзякаваў за віншаванне і адзначыў важнасць Марыі як Божай Маці ў нашай дарозе да Бога. Нездарма ж нават на гербе нашай сталіцы змешчаны вобраз Маці Божай.

Сто гадоў таму Марыя прасіла пастушкоў, каб яны маліліся за спыненне Першай сусветнай вайны. І зараз яна хоча, каб мы таксама сваёй малітвай спрычыніліся да ратавання свету.

Слова Божае для вернікаў прачытаў грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Грышан. Дарэчы, грэка-каталіцкія святары заўсёды прымаюць удзел у марыйных урачыстасцях у Шуміліне.

Айцец Зміцер прачытаў урывак з Евангелля, дзе апавядаецца пра першы цуд Езуса Хрыста ў Кане Галілейскай, калі Ён ператварыў ваду ў віно.

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег звярнуў увагу на той факт, што мы распачалі жыць у другім стагоддзі пасля фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. І невыпадкова гэты храм паўстаў тут, на ўсходзе нашай краіне. Бо такая была воля Маці Божай – каб людзі навярнуліся ў першую чаргу на ўсходзе Еўропы. І зараз, праз сто гадоў, значна больш дзяцей прыходзіць, каб пакланіцца Багародзіцы, – адзначыў іерарх.

Усходнія тэрыторыі нашай краіны найбольш пацярпелі ад часоў ваяўнічага атэізму, калі знішчалася ўсё, звязанае з верай людзей. Таму і сімвалічна, што гэты Санктуарый знаходзіцца тут, на ўсходзе нашай дыяцэзіі.

Ардынарый узгадаў сведчанне адной жанчыны-урача. Яна ў сілу сваіх абавязкаў наведала палату, дзе ляжалі жанчыны пасля таго, як ім зрабілі аборт. І ў гэтай палаце хтосьці павесіў абраз Езуса Міласэрнага. Напачатку гэта вельмі абурыла ўрача: як у тым месцы, дзе забіваецца яшчэ ненароджанае жыццё, можа вісець вобраз Збаўцы?!

Але потым яна прыйшла да высновы, што Езус хоча быць там, дзе адбываецца крыўда, дзе чыніцца забойства. Гэта забойства найбольш страшнае, бо ненароджаны чалавек не ў стане сам сябе абараніць. І вось Езус пажадаў быць у такім месцы.

Марыя заклікае нас да міласэрнасці і прабачэння, — адзначыў іерарх. Гэта якраз тыя рэчы, якія павінны ўратаваць свет. З гэтай нагоды біскуп узгадаў пра блаславёных росіцкіх мучанікаў, айцоў Антонія і Юрыя, якія пайшлі разам са сваімі вернікамі ў агонь, хаця і мелі магчымасць выратаваць сабе жыццё. Перад смерцю яны прабачылі сваім катам, прабачылі тым, хто ўчыніў гэта страшнае злачынства. І калі чалавек учыняе страшнае злачынства, то Бог дае і гэтаму чалавеку шанец на збаўленне.

Сёння мы жывём у свеце, які перажыў розныя таталітарныя рэжымы: фашызм, нацызм, камунізм, і як наступства гэтага, людзі развучыліся прабачаць іншаму чалавеку. А менавіта на прабачэнні заснаванае наша навяртанне.

Наша задача як вернікаў – несці праўда аб збаўленні. І тут справа не ў нашай колькасці, — адзначыў біскуп Алег, – а ў якасці нашай веры. У свой час дванаццаць вучняў Езуса Хрыста распаўсюдзілі Добрую Вестку па ўсім свеце, не маючы нават сучасных сродкаў камунікацыі. Таму і нас хай не пакідае надзея аб збаўленні гэтага свету і кожнага з нас.

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол санктуарыя. Падчас працэсіі вернікі зрабілі пяць прыпынкаў, на кожным з якіх была адмоўленая адна таямніца з Хвалебнай часткі ружанца.

А напрыканцы ўсіх пілігрымаў чакаў пачастунак на свежым паветры і выступ музычнага калектыву з Обаля “Гарэзнікі”.

Больш фотаздымкаў з урачыстасці можна паглядзець тут>>

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, фота

для друку для друку