26 мая ў Шчучыне Гродзенскай дыяцэзіі ў кляштары айцоў піяраў прайшло выніковае спатканне, прысвечанае заканчэнню катэхетычнага года для кожнай з парафіяльных груп: літургічнай службы алтара і моладзевага і дзіцячага хораў.
На запланаваную сустрэчу яны запрасілі сваіх бацькоў са шчучынскай парафіі. Галоўнай падзеяй дня стала агульная Эўхарыстыя, падчас якой удзельнікі маліліся за мір, любоў і адзінства ў іх сем’ях.
Чарговая частка сустрэчы была чыста рэкрэацыйнай са смажаннем каўбасак у атмасферы розных цікавых конкурсаў і гульняў.
У гэты вечар былі абраныя і ўзнагароджаныя лепшы міністрант года і лепшая харыстка года. Таксама міністранты і дзяўчаты з моладзевага хору Calasanz, якія скончылі сярэднюю школу і неўзабаве адправяцца на навучанне ў буйныя гарады, атрымалі падзяку за службу пры алтары і ўпрыгожванне богаслужэнняў сваім спевам. Усе яны былі ўзнагароджаныя сімвалічнымі сувенірамі.
А напрыканцы сустрэчы усіх чакаў прыемны сюрпрыз — супольная малітва і вялікі феерверк завяршыў чарговы катэхетычны 2017/18 год.
а. Віталь Слука SP, тэкст
Андрэй Артыш, фота
