У Шчучыне ў кляштары айцоў піяраў 17 снежня была арганізавана аплаткавая сустрэча для міністрантаў, парафіяльных харыстаў і іх бацькоў. Сёлета ў сустрэчы прынялі ўдзел больш за 120 чалавек.
Сустрэча распачалася ў парафіяльнай святыні з супольнага Вяночка Дванаццаці Зорак, які некалі быў складзены св. Юзафам Каласансам, апекуном літургічнай службы алтара і моладзевага хору «Calasanz». У гэтым кароткім набажэнстве дзеці і іх бацькі прасілі Бога аб супакоі, адзінстве і радасці ў сваіх сем’ях.
Наступнай вельмі прыгожай часткай сустрэчы стала супольнае дзяленне аплаткай і святочныя пажаданні адзін аднаму.
Па традыцыі ў госці са смачнымі падарункамі завітаў святы Мікалай.
Падсумаваннем стала малітва, спеў традыцыйных калядак, а таксама цёплыя пажаданні пробашча шчучынскай парафіі а. Вітальда Пяцельчыца SP.
а. Віталій Слука SP, тэкст
Андрэй Арціш, Таццяна Саўк, фота
