У Шчучыне адбылася аплатковая сустрэча ўдзельнікаў групы “Маргарытка”

IMG_6261Удзельнікі парафіяльнай групы «Маргарытка» сабраліся на аплатковую сустрэчу ў Шчучыне.

Перад аплатковай сустрэчай адбылася святая Імша ў межах падзякі за дар малітвы за святароў.

У 2014 годзе ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне паўстала новая парафіяльная група, якая абрала сваім заданнем штодзённую малітву за святароў. Такія малітоўныя групы яшчэ вядомы ў Касцёле пад назвай «Маргарыткі». Яны становяцца ўсё больш папулярнымі ў розных парафіях.

Назва “Маргарытка” паходзіць ад імя Маргарэт О’Доннэл з Канады. Ва ўзросце 13 гадоў у 1951 годзе яна захварэла. Пасля трох месяцаў лячэння была цалкам спаралізавана і магла падымаць толькі галаву. Маргарэт хутка зразумела, што гэтая хвароба была яе пакліканнем, таму захацела прысвячаць сваё цярпенне, молячыся за сваю парафію, пробашча, святароў. З кожным днём усё больш святароў наведвала Маргарэт і прасіла яе аб такой форме малітве. Маргарэт памерла ў Вялікую пятніцу ва ўзросце 40 гадоў, пасля 27 гадоў жыцця ў нерухомасці, цярпення і малітвы.

1 жніўня 1981 г. у Канадзе быў заснаваны рух «Маргарытак», натхненнем для якога было жыццё і малітва Маргарэт, таму ён быў названы яе іменем. Сімвалам «Маргарытак» стала маленькая белая кветка, што азначае прысвячэнне, прастату і еднасць. У цэнтр кветкі ўпісваецца імя і прозвішча святара, на сямі пялёстках упісваюцца імёны і прозвішчы сямі чалавек, якія складаюць Богу абяцанне пажыццёвай малітвы. Кожная асоба ў адзін вызначаны дзень тыдня моліцца за канкрэтнага святара».

а. Віталій Слука SP, тэкст

а. Вітальд Пяцельчыц SP, фота

для друку для друку