У Шаркаўшчыне біскуп Алег Буткевіч адкрыў і асвяціў памятны знак на месцы знішчанага драўлянага касцёла

У шаркаўшчынскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа з 4 па 11 верасня 2016 года праходзілі Святыя Місіі. Падзея была вельмі доўгачаканая для мясцовых вернікаў. Існуе цудоўная місійная традыцыя — праз год праводзіць аднаўленне Місій.

Таму, з 11 па 14 верасня 2017 года шаркаўчане з гэтай нагоды зноў сустрэліся з айцамі-аблатамі. Айцец Анджэй Юхневіч з шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай і святога Язафата Кунцэвіча і айцец Дзмітрый Занямонскі з мінскай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно — з’яўляюцца прадстаўнікамі манаскага ордэну, галоўнай харызмай якога з’яўляецца паказаць Хрыста і Яго Валадарства найбольш пакінутым.

14 верасня ўвесь Каталіцкі Касцёл адзначаў свята Узвышэння Святога Крыжа. У гэты дзень на парафіяльную ўрачыстасць у Шаркаўшчыну прыбыў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Урачыстая святая Імша з нагоды фэсту і заканчэння аднаўлення Місій распачалася ў 11 гадзін. Нягледзячы на працоўны дзень сярод тыдня касцёл быў цалкам запоўнены вернікамі.

У богаслужэнні прынялі ўдзел таксама і прадстаўнікі мясцовай улады: намеснік старшыні райвыканкама Ірэна Бука, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, начальнік Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі Таццяна Шыняўская.

На самым пачатку біскуп Віцебскі, які і ўзначаліў святочную Эўхарыстыю, звярнуўся да прысутных: “Сёння важная падзея не толькі для парафіі, але і для ўсяго гораду — будзе асвечаны знак на месцы былога касцёла, які павінен прыпамінаць нам, што каталіцкая вера тут мае глыбокія карані і, каб мы памяталі аб тым, што ўчынілі нашы продкі і што мы павінны захаваць веру і перадаць яе наступным пакаленням.”

Слова да вернікаў прамовіў місіянер а. Анджэй, які засяродзіў увагу прысутных на ролю крыжа ў жыцці чалавека.

На заканчэнне Імшы адбылося выстаўленне Святых Дароў і Эўхарыстычная працэсія вакол святыні. А затым усе святары і вернікі рушылі працэсіяй на месца, дзе калісьці быў пабудаваны, а затым знішчаны каталіцкі храм.

“Вялікая радасць сёння, што мы дажылі да той хвіліны, калі на гэтым месцы, дзе быў касцёл, дзе збіраліся на малітву нашы продкі, паўстаў помнік. Вельмі мала засталося тых людзей, якія памятаюць той касцёл, які ўпрыгожваў Шаркаўшчыну да 1963 года. Можна разбурыць пабудаваны касцёл з цэглы і каменя, але нельга разбурыць веру, якую мы атрымалі ад нашых продкаў”, — прамовіў пробашч парафіі кс. Кшыштаф Сілкоўскі.

Гісторыя шаркаўшчынскай парафіі пачынаецца з 16 стагоддзя, калі ў маёнтку Чырвоны Бор была пабудавана капліца, фундатарам якой быў Сапега. З 16 па 19 стагоддзе Шаркаўшчына з’яўлялася часткай парафіі ў Новым Пагосце. Дзякуючы намаганням кс. Пятра Валюшкіна і парафіян касцёл у мястэчку Старая Шаркаўшчына пачалі будаваць у 1902 годзе. Ён знаходзіўся прыкладна на месцы, дзе зараз пабудаваны Белпошта і Белаграпрамбанк. Асвяцілі касцёл у 1907 годзе ў гонар Узвышэння Святога Крыжа. З гэтага часу пачынаецца гісторыя менавіта шаркаўшчынскай парафіі. Па ўспамінах мясцовых жыхароў касцёл быў 20 метраў у вышыню, 13 метраў у шырыню, 30 метраў у даўжыню. Святыню будавалі з дрэва, без цвікоў, мела тры вежы, дах пакрыты бляхай. У 1910-1916 гг парафія налічвала 2700 чалавек. Дзейнічаў касцёл да 1948 года. Потым быў зачынены савецкімі ўладамі, выкарыстоўваўся пад зернясховішча. У 1963 годзе храм быў знішчаны.

Пасля адкрыцця помніка і яго асвячэння, сваё слова да прысутных скіраваў біскуп Алег: “Месцы, дзе Бог прапануе нам спатканне з Сабою – гэта хрысціянскія святыні. Там дзе Бог гэтае месца адзначае і Сабе абірае, павінна быць увесь час шанаванае. Заўсёды былі, ёсць і, напэўна, будуць сілы, якія імкнуцца гэта месца зруйнаваць і знішчыць. Мы перажылі ўжо час пераследу, дзе шмат святыняў было знішчана. Але сённяшняя падзея прыгадвае моц Божай прадбачнасці, у якой Ён заўсёды бароніць Сваю святасць, сваіх дзяцей і іх веру. Няхай гэты знак нагадвае пра нашыя карані, пра абавязак бараніць веру, жыць паводле яе і пераказваць сваім нашчадкам.”

На ўрачыстасці таксама прысутнічаў Мікалай Латышонак, які памятае той касцёл і які разам з сябрамі захавалі дванаццатую Стацыю Крыжовага шляху з гэтага драўлянага храма, якая цяпер размешчана ў парафіяльнай святыні. Біскуп Алег і пробашч кс. Кшыштаф выказалі падзяку спадару Мікалаю.

На заканчэнне на памятным месцы прагучаў хрысціянскі гімн “Магутны Божа”.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку