У самай маладой парафіі Віцебска дванаццаць дзяцей прынялі Першую Камунію

Падзея адбылася ў нядзелю, 13 мая, у касцёле Святога Духа ў Віцебску.

У гэты дзень шэсць дзяўчынак і шэсць хлопчыкаў з парафіі Святога Уладзіслава першы раз прынялі Езуса. Гэтай падзеі папярэднічалі два гады падрыхтоўкі, якую праводзіла сястра Дар’я Галубкова.

Парафія Святога Уладзіслава ахоплівае новы мікрараён Білева ў Віцебску. Гэта самая маладая парафія ў дыяцэзіі як па гісторыі свайго ўтварэння, так і па ўзросту вернікаў, большасць з якіх – людзі маладыя. Гэта каталіцкая супольнасць пакуль не мае свайго храма, богаслужэнні праводзяцца ў часовай капліцы. Зямля пад будаўніцтва касцёла ўжо выдзеленая, зараз вядуцца праектныя работы. Адказным за гэту працу з’яўляецца айцец Кляменцій Верт SJ.

Паколькі капліца ў парафіі невялікая, а на ўрачыстасць чакалася шмат гасцей, то было вырашана звярнуцца да пробашча касцёла Святога Духа айца Андрэя Вашчука SDS з просьбай, каб ён дазволіў правесці гэту ўрачыстасць у сваім храме. Пробашч з радасцю пайшоў насустрач маладой парафіі, і гэта ўрачыстая падзея адбылася ў прасторнай святыні.

У сваім слове да дзяцей і вернікаў пробашч парафіі Святога Уладзіслава ксёндз Віктар Місевіч параўнаў дванаццаць дзяцей з дванаццаццю апосталамі, якія таксама павінны будуць несці сведчанне веры ў сучасным свеце. На ўрачыстасці прысутнічаў таксама айцец Станіслаў Памыкала SJ, які дапамагаў ксяндзу спавядаць дзетак.

Бацькі дзяцей падаравалі парафіі два новых абрусы для будучага алтара, а таксама кветкі для ксяндза Віктара і айца Станіслава. Падзяку і кветкі ад бацькоў атрымала таксама сястра Дар’я, якая рыхтавала дзяцей да гэтай важнай у іх жыцці падзеі. А напрыканцы ксёндз Віктар заклікаў дзяцей прыняць удзел у Белым Тыдні, які закончыцца для іх 20 мая.

Зміцер Лупач, тэкст
Маргарыта Юрык, фота

для друку для друку