У Рыме прайшла сусветная прэм’ера фільма, у якім Папа Францішак сыграў самога сябе

У нядзелю, 29 кастрычніка 2017 г. у Рыме прайшла сусветная прэм’ера фільма «За Сонцам» (Beyond the Sun). Ён быў паказаны па-за конкурсам у рамках 20-га рымскага кінафестывалю «Festa del Cinema», які пачаўся ў чацвер, 26 кастрычніка.

У фільме апавядаецца гісторыя пецярых дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай св. Камуніі і хочуць даведацца, як можна пазнаць Езуса. Пасля розных прыгод яны трапляюць у Ватыкан, дзе ім тлумачыць гэта Папа Францішак, кажучы: “Пазнаеце Яго, чытаючы Евангелле, вывучаючы катэхізіс і размаўляючы з Ім”. У фільме Францішак сыграў самога сябе. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі.

Евангелле, кажа Пантыфік дзецям, “можна заўсёды насіць з сабой, гэта невялікая кніга. Калі ёсць свабодная хвіліна, можна адкрыць яго і чытаць”. “Размова з Езусам — гэта малітва, — дадае Папа. — Можна весці з Ім свабодны дыялог, кажучы пра тое, што адчуваеш унутры. Ён чакае гэтага. Трэба адкрыцца на гэта”. Сюжэт з Францішкам у экранізаванай гісторыі займае 6 хвілін.

Прэзентацыя фільма ўжо прайшла 20 верасня ў Ватыкане. У кінатэатры фільм трапіць на Божае Нараджэнне. Прыбытак ад пракату будзе прызначаны на дзейнасць дзвюх дабрачынных аргентынскіх арганізацый “El Almendro” i “Los Hogares de Cristo”, якія дапамагаюць дзецям і моладзі ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку