У Росіцы ўшанавалі памяць бласлаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры (+відэа)

Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся ў суботу, 17 лютага.

У ім прынялі ўдзел святары, манахіні, вернікі з усёй Віцебскай дыяцэзіі, а таксама госці з Мінска, Барысава, іншых беларускіх гарадоў і вёсак. Да гэтай падзеі была прымеркаваная агульнадыяцэзіяльнае спатканне святароў і кансэкраваных асобаў.

Пробашч парафіі Святой Тройцы ў Росіцы айцец Часлаў Курэчка з самага ранку сустракаў гасцей перад уваходам у святыню. Кожнага пілігрыма ён вітаў як самага дарагога госця, для кожнага знаходзіў некалькі добрых словаў.

Урачыстая святая Імша распачалася а дванаццатай гадзіне. Яе ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Напачатку ён падзякаваў вернікам за прысутнасць і заклікаў усіх умацоўвацца ў сваёй веры, беручы прыклад з святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Яны мелі магчымасць уратаваць сваё жыццё, але засталіся разам са сваімі вернікамі і разам з імі прынялі пакутніцкую смерць у агні. Гэтыя святары мелі Бога ў сваім сэрцы і да канца верылі, што Бог падтрымлівае чалавека нават у самыя цяжкія хвіліны.

Іерарх перадаў таксама прывітанне ўсім вернікам ад Папы Францішка, з якім біскупы сустракаліся падчас нядаўнай паездкі ў Рым.

У сваёй гаміліі ардынарый звярнуў увагу на прыклад бласлаўлёных росіцкіх пакутнікаў. Ён яшчэ раз засяродзіў увагу святароў і вернікаў, што Бог не пакідае таго, хто на яго спадзяецца. Айцы Антоні і Юры не шукалі ў цяжкой сітуацыі карысці для сябе, не ратавалі свае жыцці, а падтрымалі людзей, што былі перад абліччам смерці, сваім асабістым прыкладам. І ў гэтым каштоўнасць іх ахвяры.

Іерарх падкрэсліў, што ніводзін добры ўчынак не застаецца незаўважаны Богам. І таму няхай заступніцтва росіцкіх пакутнікаў вядзе нас па гэтым жыцці, жыцці з Богам і ў імя Бога.

Напрыканцы богаслужэння святары і вернікі з запаленымі свечкамі прайшлі працэсіяй ад касцёла да месца пакутніцкай смерці, дзе зараз усталяваны крыж і зроблены прыгожы мемарыял. Там людзі памаліліся за душы памерлых пакутніцкай смерцю святароў і жыхароў Росіцы, атрымалі бласлаўленне ад біскупа Алега, а пасля кожны мог ушанаваць крыж і паставіць каля яго зніч у памяць бязвінных ахвяраў.

Пасля малітоўнай часткі апякун Росіцкага санктуарыя запрасіў усіх на поліўку і гарбату ў новы Дом пілігрыма, які перабудаваны з былога дзіцячага садка. Перад абедам гэты Дом асвяціў біскуп Алег Буткевіч. А айцец Часлаў запрасіў усіх на сустрэчу ў Росіцу 11 мая, калі будуць цвісці магноліі і цюльпаны.

***

Нагадаем, у лютым 1943 года карнікі праводзілі аперацыю пад назвай “Зімовы цуд”. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі 7 латвійскіх батальёнаў, адна ўкраінская і адна літоўская роты СС. Падчас гэтай аперацыі карнікі сабралі жыхароў Росіцы ў касцёл, частку адправілі ў канцлагеры або прымусовыя работы, а астатніх загналі ў стайню і спалілі. У тыя дні ў агні загінула амаль паўтары тысячы жыхароў Росіцы. Разам з людзьмі былі святары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Карнікі хацелі захаваць ім жыццё, але яны адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі мучаніцкую смерць.

Пасля вайны Росіца была адноўленая, на месцы пакутніцкай смерці людзей быў усталяваны крыж. Але  былых жыхароў у Росіцы засталося не так шмат, тут пасяліліся іншыя людзі, таму месца гібелі людзей паступова прыйшло ў заняпад. Яно зарасло кустамі, людзі навязвалі там жывёлу.

Аднаўляць гэта месца пачалі ўжо ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі сюды прыехаў каталіцкі святар ксёндз Антоні Лось. Тады на гэтым месцы людзі ўсталявалі новы крыж.

Ксёндз Вячаслаў Пялінак успамінае, што калі прыехаў сюды ў 1999 годзе, то месца гэта было яшчэ занядбанае. Калі ён прыйшоў сюды памаліцца, то пабачыў цялят і авечак, што былі навязаныя на месцы пакутніцкай смерці людзей. “Першая думка, што прыйшла мне ў галаву, — успамінае ксёндз Вячаслаў, — што такая нацыя ніколі не зможа жыць шчасліва, пакуль не будзе навязваць на магілах сваіх продкаў жывёлу”.

Каб навесці парадак на гэтым месцы, трэба было зрабіць дакументы на гэту тэрыторыю, а гэта сустракала непаразуменне мясцовай улады. Але потым у раёне змянілася кіраўніцтва, дазвол быў атрыманы, і ўжо ў 2000 годзе тут адбылася першая пілігрымка. З таго часу двойчы на год, у лютым і жніўні, у Росіцы збіраюцца вернікі, каб ушанаваць памяць той трагедыі.

Спадзяёмся, што гэта месца больш не будзе стаяць занядбаным і будзе нам напамінаць аб тым, як важна жыць у любові адзін з адным і захоўваць мір на нашай зямлі.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку