У Росіцы прайшло свята буслоў (+відэа)

rosica_busly06Мерапрыемства адбылося 30 красавіка пад назвай “Зямля пад беламі крыламі”.

Ідэя гэтага свята належыць айцу Чэславу Курэчку МІС, які ўжо восем гадоў служыць у Росіцы. Ён быў і асноўным арганізатарам свята. Дапамагалі яму ў гэтым парафіяне, супрацоўнікі Дома культуры з суседняй Сар’і, святары, проста неабыякавыя людзі.

«Я выбраў буслоў, бо гэта сімвал нашай краіны, нашай Беларусі. А я люблю гэтых птушак, іх у Росіцы шмат, бо ёсць возера, люблю за імі назіраць, рабіць для іх гнёзды. Таму і зрабіў такое свята веснавое, крыху смешнае, свята буслоў. Каб падзяліцца гэтай радасцю, каб сабраць людзей, каб памаліцца разам за нашу краіну, за нашы сем’і, каб у нас была любоў, згода, каб не было вайны, каб Пан Бог бараніў нас ад усяго ліхога», — кажа айцец Чэслаў.

Святар ужо з самага ранку стаяў каля касцельнай брамы і сустракаў гасцей. Для кожнага ён знаходзіў цёплыя словы, каб кожны пілігрым адчуваў, што менавіта яго чакаюць тут у Росіцы.

Святочная праграма пачалася ў 11 гадзін з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Пасля гэтага распачалася канферэнцыя “Экалогія сям’і”, якую правёў айцец Віталь Сапега OP з Віцебску. Ён адзначыў, што бусел з’яўляецца сімвалам не толькі Беларусі, але і сімвалам сям’і. Папа Францішак у сваёй энцыкліцы “Laudato si” заклікае бараніць прыроду, бо яна — гэта Божы дар. І чалавек мусіць жыць у гармоніі з прыродай. Зараз жа чалавечыя сем’і стаяць перад сур’ёзнымі выпрабаваннямі, якія ставіць перад імі сучасны спажывецкі свет. Калі мы зможам захаваць моцныя сем’і, то ў нас будзе і моцная краіна, якая здолее выстаяць перад любымі выпрабаваннямі.

rosica_busly09

«Вось пра гэта і трэба дбаць, — падкрэсліў святар, — і пра гэта павінен у першую чаргу дбаць мужчына, а не жанчына, бо такая ў яго роля — быць правадыром».

Тут варта адзначыць, што 1 мая ў Росіцы штогод праводзяцца спатканні для мужчын, але ў гэтым годзе іх не было з-за таго, што ў гэты дзень праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень. Таму айцец Віталь і прысвяціў частку свайго дакладу ролі мужчыны ў сям’і, якая, на жаль, у сучасным жыцці не заўсёды адпавядае Божым задумам. І вось тут, на думку святара, бусел можа быць добрым прыкладам, бо заўсёды клапоціцца і абараняе сваю сям’ю.

Пасля канферэнцыі распачалася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Віктар Місевіч. Дапамагаў праводзіць святочнае богаслужэнне хор “Гасанна”, які адмыслова прыехаў у Росіцу з Віцебска.

Слова да вернікаў прамовіў ксёндз Вячаслаў Адамовіч, які зараз працуе ў Дзісне.  Святар параўнаў моц чалавечай веры з палётам бусла. Бусел, каб падняцца над зямлёй, часта махае крыламі, а калі падымецца, то ўжо проста лунае над ёй, расправіўшы крылы. Так і чалавек, калі яго вера слабая, мусіць часцей працаваць сваімі духоўнымі крыламі, каб потым ужо ўпэўнена лунаць з ёй у жыцці, як бусел у небе.

Святар адзначыў: «Для нашых продкаў бусел быў вобразам уваскрасення Езуса Хрыста, бо ён вяртаецца вясной, прыкладна тады, калі святкуецца Вялікдзень. І ён вяртаецца пасля зімы, што сімвалізуе смерць, і пачынае новае жыццё. Таму людзі і лічылі яго сімвалам уваскрасення Езуса Хрыста.»

rosica_busly35

Ён адзначыў важнасць сувязі чалавека з прыродай, заклікаў любіць яе, як рабіў гэта святы Францішак з Асізі. Святар падзяліўся сваімі назіраннямі па дарозе ў Росіцу:

— Калі я ехаў у Росіцу, то на ўказальніку аднаго з лясніцтваў бачыў надпіс “Увайдзі ў лес сябрам”. Гэта вельмі простыя, але мудрыя словы. Менавіта сябрам чалавек мусіць быць пры стасунках з прыродай, а не панам ці гаспадаром. Мы з прыродай павінны сябраваць, бо Бог нам даў яе ў дапамогу.

Пасля Імшы айцец Чэслаў запрасіў усіх у росіцкі клуб на канцэртную праграму. “І каб прыйшлі ўсе, асабліва кажу гэта для сваіх парафіянаў, — пажартаваў святар, — гэта не просьба, гэта загад”.

Канцэртную праграму для гасцей свята падрыхтавалі супрацоўнікі Сар’янскага Дома культуры. Асаблівы ўклад унесла жыхарка Росіцы Алена Мінчанка, якая выступіла не толькі ў ролі вядоўцы і спявачкі, але і падрыхтавала цікавую віктарыну пра беларускіх птушак. Пераможцы атрымалі прызы — магніцікі з выявай росіцкай святыні. Са сцэны гучалі песні пра нашу прыроду, краіну, а айцец Часлаў прачытаў урывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, прысвечаны буслам. Гэты ўрывак ён памятае яшчэ са школьных часоў.

А закончыўся канцэрт песняй “Мой родны кут”, дарэчы, таксама на словы з “Новай зямлі”, якую хор “Гасанна” выканаў разам з айцом Чэславам.

rosica_busly26

Усе гледачы атрымалі добры настрой, які яшчэ больш падняўся, калі росіцкі святар запрасіў усіх на абед, які прайшоў на свежым паветры побач з касцёлам. Гэтае месца айцец Чэслаў назваў летняй кавярняй “У бусла”, бо непадалёк размешчанае буслінае гняздо. Гасцей пачаставалі грыбной поліўкай “ад айца Чэслава”, якую ён гатаваў для гасцей сам, тушанай бульбай, кампотам. Усе мелі магчымасць на прыродзе, удалечыні ад гарадской мітусні, спакойна пагутарыць аб сваіх справах, проста палюбавацца росіцкімі краявідамі. Дарэчы, гэтыя краявіды, дзякуючы працы айца Чэслава, за восем гадоў значна змяніліся ў лепшы бок.

rosica_busly31

А Росіца зноў запрашае на спатканне жанчын, якое пройдзе ў бліжэйшую суботу 7 мая. Будзе канферэнцыя, святая Імша, канцэрт, ну і вядома, пачастунак. А які, гэта пакуль таямніца, прыязджайце, паспрабуеце. Росіца вас чакае!

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку