У Раўбічах адбылася адпустовая ўрачыстасць

20 верасня ў Раўбічах ў парафіі св. Мацвея, апостала і евангеліста, адбылася адпустовая ўрачыстасць.  На свята вакол алтара Пана сабраліся парафіяне і госці з Мінску, Бараўлян і іншых мясцін. Раздзяліць урачыстасць разам з пробашчам парафіі кс. Станіславам Лугоўскім SDB прыехалі таксама яго субраты з салезіянскіх парафій Мінску і міншчыны, сёстры салезіянкі і салезіяне супрацоўнікі. Таксама ўжо традыцыяй стала штогадовае выступленне хору з парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны), які суправаджаў спевамі Св. Імшу і даў невялікі канцэрт пасля яе.

1442858586838914

Узначаліў Святую Імшу настаяцель салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. А кс. Павел Шчарбіцкі SDB скіраваў да сабраных вернікаў словы гаміліі. Святар засяродзіў увагу прысутных на постаці св. Мацвея –  чалавека, які дасягнуў пэўнай матэрыяльнай стабільнасці, быў адукаваным спецыялістам у сваёй прафесіі і майстрам шукаць ва ўсім карысць, але з-за гэтага нялюбы людзьмі. “Гэта яшчэ адна гісторыя навяртання, яшчэ адна гісторыя любові Бога да чалавека,”- падкрэсліў святар. Св. Мацвей павінен стаць для нас прыкладам адважнага кроку насустрач Богу, які з’яўляецца дынамічным у сваёй любові. Менавіта Езус падыходзіць да мытніка Мацвея, які сядзіць. Будучы апостал меў дар збіраць многія ласкі, але не ўмеў імі дзяліцца, застаўляючы ўсё каля сябе. “Што збіраем мы?! Што знаходзіцца ў нашых кішэнях: ружанец альбо кіпа грошай?!”- запытаўся кс. Павел. Далей святар адзначыў, што матэрыяльныя сродкі з’яўляюцца дабром, калі не няволяць нас. Калі ж гэтыя сродкі нас спыняюць і мы садзімся, як Мацвей, то тут пачынаецца праблема. Але дынамічны ў сваёй любові Бог прыходзіць да нас і кажа: “Устань! Ідзі за Мной!” І кожны з нас, як апостал Мацвей, павінен адважна прызнацца ў сваёй слабасці і ў тым, што патрабуе лекара і ўстаць, пайсці за Дасканалым. Пайсці да Яго на гасціну, да святочнага стала, які накрывае для нас Хрыстус на алтары. Мы павінны ўспомніць пра ўсемагутнасць Бога, папрасіць Яго аб дапамозе і дазволіць Яму нам дапамагчы.  І гэты прыклад аднаго слабога, які з адвагай, перамагаючы сваю пыху, просіць Бога аб дапамозе, можа стаць падтрымкай для яшчэ аднаго слабога, які таксама ўстане і пойдзе за Хрыстом. Стане сапраўдным апосталам, які вытворае атмасферу адзінства.  Напрыканцы гаміліі святар звярнуўся да сабраных з пажаданнем атрымаць аздараўленне ўсіх нашых ран і слабасцяў ад Хрыста Эўхарыстычнага, якога прымаем у Св. Камуніі, які датыкаецца да нас, які хоча будаваць з намі сяброўскія адносіны.

1442858645865619

На заканчэнне Св. Імшы кс. Віктар Гайдукевіч SDB пажадаў парафіянам быць дынамічнымі хрысціянамі, якія не баяцца і не стамляюцца ісці за Хрыстом.

1442858634402735

Завершылася ўрачыстасць выступленнем хору. Апошні спеў прысвечаны Маці Божай Успамозе Хрысціянаў заспявалі разам з хорам усе сабраныя. І, канечне, пасля гасціны эўхарыстычнай з дапамогай суполкі Адкрытыя сэрцы (Мінск) і намаганнямі парафіянаў быў падрыхтаваны смачны святочны пачастунак.

sdb.by

для друку для друку