У Пухавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце адбыўся калядны канцэрт

Batlejka_dom-internat07Святам Аб’яўлення Пана завяршаецца перыяд Божага Нараджэння, прыпамінаючы нам аб падзеі, калі мудрацы прыйшлі да Дзіцятка і Яго Маці, аддалі пашану і ахвяравалі дары.

І кожны з нас, распачынаючы новы дзень, становіцца падобнымі да трох каралей, якія няспынна крочаць за таямнічай зоркай. А што мы сёння нясем у дары Богу — Чалавеку?

Адказаць на гэтае пытанне паспрабавалі ўдзельнікі парафіяльнага гурта касцёла св.Антонія, што ў Мар’інай Горцы.

Раніцай, 6 студзеня, пасля святочнай Літургіі, разам з пробашчам Генрыхам Кучынскім дзеці выехалі са святочным калядным канцэртам у дзяржаўную ўстанову «Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат».

Паказваючы пастаноўку пра Божае Нараджэнне, малыя вернікі чыталі свае лісты да Бога, расказвалі і пра тыя дары, што яны падрыхтавалі Збаўцу.

«Мы нясем нашыя сэрцы, напоўненыя любоўю і прысвячэннем сябе. Нясем малітвы — прагненні, просьбы, падзякі, праслаўленні. Ахвяруем пакору і паслухмянасць, боль, смутак, хваробы».

Шчыра і сардэчна, усхвалявана і трапятліва хлопчыкі і дзяўчынкі данеслі да гледачоў думку, што да Бэтлеема не вельмі далёка! Ён — на адлегласці нашых сэрцаў, абдымкаў і адкрытай рукі!

«Бэтлеем знаходзіцца блізка. Кожны можа сюды дайсці».

«Наш дом». Вось так, з цеплынёй і любоўю, называюць жыхары гэтай установы свае сталае, часовае, кароткатэрміновае альбо апошняе жыллё. Таму ў свята Аб’яўлення Пана, няхай у кожным з нас не будзе халадней, чым у тых яслях, і мы свядома папросім Езуса Хрыста аб благаслаўленні гэтага дома: «Christus Mansionem Benedicat».

Сняжана Буцук

для друку для друку