У Полацку адбылася прэзентацыя “Псалтыра” у перакладзе а. Аляксандра Надсана

PICT0072У Полацку ў грэка-каталіцкай парафіі святой Параскевы Полацкай 6 жніўня, у свята Перамянення Госпада, адбылася прэзентацыя новага грунтоўнага выдання з галіны айчыннай біблійнай спадчыны, – “Псалтыра” (кнігі Псальмаў Давіда) у перакладзе а. Аляксандра Надсана.

Прэзентацыі кнігі была прымеркаваная адразу да двух датаў – 8 ліпеня нядаўна памерламу а. Надсану споўнілася б 90 гадоў. Другая дата амаль круглая – 499 гадоў таму ў Празе, у дзень свята Перамянення Госпада, Францішак Скарына надрукаваў “Псалтыр” – першую кнігу на беларускай мове, якая стала адначасова першым рэлігійным выданнем па-беларуску.

“Гэтая падзея стала сапраўдным Святам Перамянення нашай нацыі на шляху хрысціянства і цывілізаванасці”, – разважае рэдактар выдання, біблеіст, рыма-каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч з Друі. Таксама ў сваім разгорнутым ўступе да кнігі кс. Сурыновіч ўводзіць чытача ў біяграфію перакладчыка і знаёміць з Септуагінтай – старагрэцкай версіяй Святога Пісання, яе значэннем у Новым Запавеце і ва Усходняй Царкве.

Выданне “Псалтыра” – грандыёзнай працы жыцця а. Надсана – запачаткаваў яго пераемнік у Лондане, душпастыр беларусаў Вялікабрытаніі, грэка-каталіцкі святар а. Сяргей Стасевіч, маючы мэтай ушанаваць такім чынам шлях святара і беларуса, які цягам усяго жыцця служыў Бацькаўшчыне на чужыне.

Айцец Сяргей Стасевіч ініцыяваў супольную падрыхтоўку выдання, сабраўшы каманду аднадумцаў: уступную і заключную малітву, змешчаныя ў кнізе, падрыхтаваў а. Аляксандр Аўдзяюк, карэктуру кнігі рабіла перакладчыца і літаратарка Крысціна Курчанкова, мастацкае афармленне кнігі здзейсніла мастачка Алена Ткачова, адмысловы шрыфт на падставе кнігаў Скарыны распрацаваў Антон Брыль, унук Янкі Брыля.

Прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў прыходзе з удзелам Апостальскага візітатара для грэка-католікоў Беларусі, архімандрыта Сяргея Гаека, і барда, аўтара і выканаўцы духоўнай лірыкі Арцёма Сітнікава, папярэднічала Боская літургія, падчас якой настаяцель прыхода а. Аляксандр Шаўцоў заклікаў вернікаў да духоўнага перамянення, у т. л., з дапамогай Святога Пісання на роднай мове, а таксама, згодна з усходне-хрысціянскай традыцыяй, асвяціў дары зямлі – вінаград, яблыкі і грушы, якімі пасля частаваліся вернікі, кіруючыся на прэзентацыю ў прыходскую залю.

PICT0022-3

На працягу жыцця а. Аляксандр Надсан рабіў велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі. Плён яго працы за дваццаць гадоў – поўны збор багаслужбаў. Цяпер гэтая праца даступная беларускім вернікам.

Айцец Надсан не абмяжоўваўся перакладамі: развіваючы беларускую літургічную традыцыю, ён уводзіў ва ўжытак малітвы і акафісты Скарыны, сам складаў тэксты службаў (аб памнажэнні любові, да святой Еўфрасінні Полацкай, да святога Кірылы Тураўскага і іншыя). Да апошняга года свайго доўгага жыцця ён не спыняў працы над Кнігай псалмоў.

krynica.info

для друку для друку