У Польшчы ідзе распрацоўка інтэрнэт-парталу «Усё пра Яна Паўла II»

WORTAL JP2 будзе поўным каталогам усіх матэрыялаў, звязаных з Янам Паўлам II, якія дакументуюць яго жыццё і вучэнне, – паведаміла 15 мая на прэс-канферэнцыі Ганна Алесяк, кіраўнік аддзела лічбавых сродкаў Цэнтра думкі Яна Паўла II. Праз два гады, а менавіта 18 мая 2020 года, да 100-годдзя з дня нараджэння Папы Вайтылы, будзе запушчаны «Вайтыла-партал», WORTAL JP2, паведамляе CREDO.

Міхал Сенк, дырэктар Цэнтра думкі Яна Паўла II, выказаў спадзяванне, што WORTAL JP2 будзе важным элементам святкавання стагоддзя з дня нараджэння Яна Паўла II.

— Яна Паўла II як нацыянальную спадчыну ўспамінаюць вельмі рэдка. Без яго не было б такой Польшчы, якую мы ведаем, не было б такой культуры, – падкрэсліў Міхал Сенк.

У сваю чаргу, Ганна Алесяк адзначыла: «Наш вопыт паказвае, што доступ да матэрыялаў пра Яна Паўла II вельмі абмежаваны. Да нас тэлефануюць, у прыватнасці, настаўнікі і журналісты, каб скарыстацца матэрыяламі пра Яна Паўла II, таму што яны часта абмежаваныя аўтарскімі правамі або фінансавымі магчымасцямі». Нават калі не атрымаецца даць усіх матэрыялаў праз WORTAL JP2, дык, прынамсі, там будуць спасылкі да ўладальнікаў і месцаў, дзе гэтыя матэрыялы знаходзяцца.

— Мы хочам, каб WORTAL JP2 стаў сучасным пошукавіком. Таму, з аднаго боку, мы працуем над архівамі, а з другога – будуем менавіта такую сучасную прыладу, – дадае Ганна.

WORTAL JP2 распрацоўваецца ў рамках чатырох сектараў: папулярызацыі – гэта значыць матэрыялаў, прыдатных для кінарэжысёраў, журналістаў і інстытутаў культуры; адукацыі – тое, што можа спатрэбіцца настаўнікам і катэхетам; навукі – для тых, хто навукова вывучае спадчыну св. Яна Паўла II; і яшчэ сектар для тых, хто прыватна зацікаўлены жыццём і вучэннем гэтага Папы. Уся праца ідзе з асаблівай увагай да маладых карыстальнікаў.

У цэлым над матэрыяламі Цэнтр працуе ўжо паўтара гады. – Больш за ўсё часу неабходна на апрацоўку матэрыялу: апісанне, індэксы, мантаж. Мы маем больш за 2000 хвілін аўдыё, але дзякуючы Польскаму радыё іх будзе больш за 10 000. Ёсць таксама 700 гадзін відэа з успамінамі пра Яна Паўла II. Ёсць больш за 200 касет з прыватнага архіву Яцэка Масквы, шматгадовага карэспандэнта TVP ў Ватыкане ў 1960-х гадах, – распавядае Ганна Алесяк.

Дата 18 мая 2020 года – гэта не канец працы над інтэрнэт-парталам, а толькі яе пачатак. Апрацоўка архіваў будзе доўжыцца гадамі. Партал таксама будзе мець англійскую версію, а з цягам часу – яшчэ і іншыя.

Партал прадставіць таксама матэрыялы і пра тое, як сама Польшча змянялася падчас пантыфікату Яна Паўла II. Польскае радыё на прэс-канферэнцыі прадстаўляў а. Анджэй Маеўскі SJ, які мае 800 гадзін запісаў, звязаных з гэтым пантыфікатам.

Праз два гады, у 100-годдзя з дня нараджэння Караля Вайтылы, палякі будуць мець для свету і Касцёла неардынарны падарунак.

для друку для друку