У Польшчы ідзе падрыхтоўка праекта «Ружанец да межаў»

«Ружанец да межаў» – гэта праект, галоўнай мэтай якога з’яўляецца агарнуць усю Польшчу ружанцовай малітвай. У свята Маці Божай Ружанцовай (7 кастрычніка), на заканчэнне святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, палякі адправяцца на мяжу краіны, каб маліцца за выратаванне сваёй Радзімы і ўсяго свету.

«Марыя з’яўляецца Каралевай Польшчы праз пакаленні апякуецца намі, у крытычныя моманты гісторыі заўсёды была пры нас, а мы з Ёй. Як ратунак для свету, Маці Божая паказвае нам ружанцовую малітву», – адзначаюць ініцыятары акцыі.

«Ружанец да межаў» гэта таксама малітва да «граніц магчымасцяў». І яна ёсць «запрашэнне палякаў падняцца з канапаў, адмовіцца ад камфортнага жыцця перад тэлевізарам або кампутарам, узяць малітоўную зброю і пачаць духоўную барацьбу за выратаванне свету. Гэта запрашэнне да выхаду на мяжу Польшчы, мяжу сваіх слабасцяў, мяжу бяспечнага свету, можа быць, нават мяжу страху…», – пішуць арганізатары.

У дзень падзеі пункты малітвы будуць размешчаны праз адзін кіламетр уздоўж усёй мяжы Польшчы, якая налічвае больш за 3,5 тыс. км. У Польшчы існуюць 22 прыгранічныя дыяцэзіі. Ужо 18 з іх прызначаны каардынатарамі і касцёламі-пунктамі, дзе 7 кастрычніка адбудуцца святыя Імшы і набажэнствы да Маці Божай для людзей, якія будуць маліцца ў гэты дзень на межах. Менавіта ў касцёлах-пунктах, пасля Эўхарыстыі, адбудзецца адпраўка на пункты малітвы на дзяржаўную мяжу.

Мы ведаем, што гэта падзея патрабуе мужнасці, пэўных намаганняў і рашучасці, але мы верым, што нам удасца, такім чынам, адказаць на заклік Марыі да выратавання свету праз ружанец, – падкрэсліваюць арганізатары праекта.

idziemy.pl

для друку для друку