- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Пінску памаліліся за кардынала Казіміра Свёнтка

[1]4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра, у парафіях Пінскай дыяцэзіі вернікі маліліся за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Дзякуючы самаадданаму пастырскаму служэнню гэтага вялікага Сведкі веры на Беларусі былі адроджаны шматлікія парафіі і святыні, захавалася пінская катэдральная базыліка і была адноўлена архікатэдра ў Мінску.

Асаблівая малітва ўдзячнасці прагучала ў гэты дзень за дар духоўнай семінарыі ў Пінску, пра адраджэнне якой пасля ліхалеццяў атэізму асабліва клапаціўся кардынал Свёнтэк. Вернікі дзякавалі Божаму Провіду за тое, што семінарыя, заснаваная Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім і адроджаная кардыналам Казімірам Свёнткам, надала новы імпульс у абуджэнні сярод вернікаў пакліканняў да святарства і фармацыі новага пакалення душпастыраў, якія служаць у розных рэгіёнах нашай краіны.

На працягу ўсяго дня 4 сакавіка не спыняліся малітвы вернікаў у крыпце пінскай катэдральнай базылікі пры саркафагу, у якім пахаваны кардынал Свёнтэк. Успамін святога Казіміра стаў для вернікаў Піншчыны добрай нагодай, каб яшчэ раз узнесці Богу падзяку за вялікага пастыра, які стаў неацэнным дарам для ўсяго Касцёла.

catholic.by [2]