У Пінску памаліліся за кардынала Казіміра Свёнтка

4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра, у парафіях Пінскай дыяцэзіі вернікі маліліся за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Дзякуючы самаадданаму пастырскаму служэнню гэтага вялікага Сведкі веры на Беларусі былі адроджаны шматлікія парафіі і святыні, захавалася пінская катэдральная базыліка і была адноўлена архікатэдра ў Мінску.

Асаблівая малітва ўдзячнасці прагучала ў гэты дзень за дар духоўнай семінарыі ў Пінску, пра адраджэнне якой пасля ліхалеццяў атэізму асабліва клапаціўся кардынал Свёнтэк. Вернікі дзякавалі Божаму Провіду за тое, што семінарыя, заснаваная Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім і адроджаная кардыналам Казімірам Свёнткам, надала новы імпульс у абуджэнні сярод вернікаў пакліканняў да святарства і фармацыі новага пакалення душпастыраў, якія служаць у розных рэгіёнах нашай краіны.

На працягу ўсяго дня 4 сакавіка не спыняліся малітвы вернікаў у крыпце пінскай катэдральнай базылікі пры саркафагу, у якім пахаваны кардынал Свёнтэк. Успамін святога Казіміра стаў для вернікаў Піншчыны добрай нагодай, каб яшчэ раз узнесці Богу падзяку за вялікага пастыра, які стаў неацэнным дарам для ўсяго Касцёла.

catholic.by

для друку для друку