У Пінску адбыўся дзень духоўных разважанняў

IMG_0313-9ea99bbf47У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску 14 лістапада прайшоў дзень духоўных разважанняў, які правёў а. Алег Шэнда OFMCap.

Гэты дзень быў прымеркаваны да таго, што семінарыст трэцяга курса Януш Чарнамораў рыхтаваўся атрымаць духоўны строй – сутану.

Айцец Алег Шэнда засяродзіў асаблівую ўвагу на знаках, якія знешне выражаюць нашую тоеснаць, тое, кім мы з’яўляемся на самой справе. Калі хрысціяне не сведчаць аб Хрысце словамі, учынкамі, жыццём, то ці сапраўдныя гэта хрысціяне? Так і сутана з’яўляецца знакам прыналежнасці да Хрыста, знакам аддання сябе гэтаму служэнню.

Таксама рэкалекцыяніст заўважыў, што любыя знешнія знакі будуць фальшывымі, калі будуць адрознымі ад таго, што  ў сэрцы.Святар гаварыў аб тым, што, каб дзяліцца жывой верай і сведчыць аб жывым, уваскрослым Хрысце, трэба мець жывое і чыстае сэрца, тут няма месца падману і крывадушнасці. “Трэба заглянуць глыбей у сябе, каб убачыць сябе у праўдзе,” – адзначыў а. Алег.

На заканчэнне гэтага дня, дэкан семінарыстаў падзякаваў рэкалекцыяністу ад імя ўсёй супольнасці за тое, што ў простых, жывых і шчырых словах ён прамаўляў да сэрцаў і ўласным сведчаннем веры яшчэ больш падтрымаў і накіраваў семінарыстаў на шляху наследавання Хрыста ў праўдзе і аўтэнтычнасці.

На наступны дзень у катэдральным касцёле Пінска адбылася ўрачыстая Святая Імша з ускладаннем духоўнага строю — сутаны. Шматлікія госці, родныя і блізкія прыехалі, каб раздзяліць гэтую радасць з клерыкам Янушам. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, паведамляе seminaryja.by.

У гаміліі ён адзначыў, што сутана з’яўляецца своеасаблівым “мундзірам” для таго, хто аддае ўсё дзеля служэння Пану. Таксама іерарх узгадаў гісторыю і сімвалічнае значэнне гэтай духоўнай вопраткі і заахвоціў семінарыста, які будзе яе насіць, да вернага наследавання Езуса Хрыста, Які паклікаў яго да свайго служэння.

Пасля Святой Імшы прагучала шмат цёплых слоў, падзякаў, віншаванняў. Гэтае свята пакіне яркі і шчаслівы след у жыцці клерыка Януша і тых, хто быў з ім у гэты дзень. А каб ён надалей ішоў цвёрда дарогаю паклікання да Хрыстовага святарства, яму патрэбна малітва.

для друку для друку