У Паставах прайшло дыяцэзіяльнае спатканне моладзі (+відэа)

pastavy_moladz27Мерапрыемства распачалося ўвечары 23 красавіка і працягвалася да раніцы наступнага дня.

На сустрэчу сабраліся дзяўчаты і хлопцы з Паставаў, Глыбокага, Варапаева, Мёраў, іншых гарадоў і вёсак Віцебшчыны.

Прадстаўнікі моладзі адзначалі важнасць такіх сустрэч, дзе можна разам сабрацца, каб памаліцца, проста паразмаўляць адзін з адным. Бо калі разам збіраецца шмат маладых вернікаў, каб разам пазнаваць Бога, то адчуваецца еднасць усяго Касцёла, і ёсць упэўненасць, што Касцёл мае будучыню.

pastavy_moladz05

Святлана Пяткоўская

Пра важнасць веры для маладога чалавека вельмі добра сказала Святлана Пяткоўская з Варапаева, якая падзялілася прачытаным выказваннем аднаго мудрага чалавека: “Чалавек, які прыходзіць да Бога ў старасці, ратуе сваю душу, а той, хто прыходзіць у маладосці, ратуе сваё жыццё”.

На спатканні прысутнічаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён узначаліў святую Імшу, якая распачалася ў 11 гадзін вечара ў пастаўскім касцёле. У сваім слове да моладзі кіраўнік дыяцэзіі паразважаў на тэму Божай міласэрнасці і важнасці веры для фармавання хрысціянскага светапогляду.

“Мы атрымліваем дар Божай міласэрнасці, калі проста адкрываемся на яго. І вось тут нам патрэбна малітва, нашая асабіста, іншага чалавека, каб мы маглі гэты дар прыняць,” – сказаў іерарх, адзначыўшы, што, каб прыняць гэты дар, нам трэба паглыбляць сваю веру, пазнаваць сутнасць Бога.

pastavy_moladz24

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што адной з мэтаў гэтай сустрэчы ёсць падрыхтоўка да сусветнай сустрэчы моладзі, якая пройдзе ў ліпені 2016 года ў Кракаве.

Ксёндз Аляксей Асон паведаміў, што гатоўнасць арганізавана паехаць на гэту сустрэчу выказала ўжо больш за шэсцьдзясят чалавек. Акрамя гэтага, шмат хто паедзе ў Кракаў самастойна.

Малітоўнае чуванне моладзі працягвалася ўсю ноч. Адметнасць сустрэчы палягала ў тым, што ў гэты ж час падобная сустрэча праходзіла ў Апостальскай Сталіцы на плошчы Святога Пятра, дзе з моладдзю сустракаўся Папа Францішак. І гэта еднасць каталіцкай моладзі ўсяго свету адчувалася і на Віцебшчыне, у Паставах.

Нават у тым, што ў Рыме маладыя людзі мелі магчымасць атрымаць прабачэнне грахоў ад Папы Францішка, а ў Паставах можна было паспавядацца ў біскупа Алега, адчувалася гэта салідарнасць і адзінства Каталіцкага Касцёла. Як адзначыў арганізатар сустрэчы ксёндз Аляксей Асон, пакуль у Касцёл свядома прыходзяць маладыя людзі, то ў яго ёсць будучыня як у нас у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

pastavy_moladz15

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку