У Паставах прайшло дыяцэзіяльнае спатканне міністрантаў (+відэа)

pastavy_jubilej_ministrantau26Юбілейная сустрэча міністрантаў у межах Года Міласэрнасці адбылася ў суботу 7 мая. Яна сабрала хлопцаў з Браслава, Глыбокага, Полацка, Мёраў, Паставаў, Лучая і іншых парафій.

Распачалося мерапрыемства з канферэнцыі, якую правёў арганізатар сустрэчы ксёндз Аляксандр Грыцкевіч. У сваім звароце да міністрантаў ён адзначыў важнасць служэння Богу пры алтары. Гэтая сустрэча была прысвечана разважанню над словамі Хрыста: “Не супакой я вам прынёс, але меч”.

Як адзначыў ксёндз Аляксандр: «Сёння мы разважалі на тэму, што такое быць рыцарам Хрыста. Менавіта над тымі словамі, дзе Хрыстос кажа “не супакой я вам прынёс, але меч”. І вось гэтым мячом ёсць Божае слова, якое Пан Бог спасылае кожнаму з нас, каб з Божым словам, як з мячом, што перамагае кожнае зло, крочыць па жыцці.»

pastavy_jubilej_ministrantau08

Святар падкрэсліў, што і сёння ідзе вайна за сэрцы вернікаў, у сённяшнім свеце, як ніколі раней, шмат розных спакус, і ў гэты няпросты час нам трэба захаваць сваю веру.

Пасля канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У сваім слове да міністрантаў ён звярнуў увагу на міністранцкае служэнне, пра важную ролю мужчыны ў касцёле. Ён адзначыў, што меч з’яўляецца сімвалам барацьбы. І ў першую чаргу гэта барацьба павінна быць з самім сабой, бо той, хто перамагае сябе, можа разлічваць і на перамогу над іншымі.

Дарэчы, біскуп прамаўляў да міністрантаў не з амбоны, але выйшаўшы на сярэдзіну касцёла, чым падкрэсліў, што ён звяртаецца да іх не як іерарх, а як калега, як сябар.

pastavy_jubilej_ministrantau19

Таксама біскуп звярнуў увагу на тое, што якраз сярод міністрантаў бывае найбольш пакліканняў: «Калі чалавек з маладых гадоў служыць пры алтары, у яго ёсць больш шанец распазнаць сваё пакліканне, каб і надалей служыць Пану Богу пры алтары ўжо ў якасці святара.»

Пасля Імшы адбыўся абед, пасля якога прайшлі спаборніцтвы сярод парафіяльных каманд па міні-футболу. Выйгралі спаборніцтва гаспадары, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтве ў складзе дзвюх камандаў. Гэтыя каманды і занялі першае і другое месца. А трэцяе месца дасталася камандзе з Браслава. Дарэчы, браслаўскія хлопцы паспелі і ў сустрэчы міністрантаў паўдзельнічаць, і ў Браславе прыняць удзел у конкурсе танца, у якім разам з дзяўчатамі занялі першае месца.

pastavy_jubilej_ministrantau32

Карэспандэнты «Каталіцкага Весніка» спыталі ў біскупа Алега Буткевіча, які прысутнічаў на спаборніцтвах, як звязаны між сабой спорт і малітва. Ён адказаў: «Чалавек істота цялесна-духоўная. І як адзін, так і другі бок пакліканы да развіцця. І калі духоўнае развіццё адбываецца праз малітву, то фізічнае праз спорт і працу. І абавязкам чалавека ёсць развіваць гэтыя бакі.»

Пасля міні-футбола адбылася заключная канферэнцыя, пасля якой міністранты раз’ехаліся па сваіх парафіях, каб дапамагаць святарам у служэнні пры алтары.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку