У Паставах хлопцы вучыліся быць разам у Пану

Канікулы, асабліва восеньскія, добры час каб адпачнуць, але і каб задумацца над жыццёвымі пытаннямі. Пытанні жыццёвага выбару, паклікання, хоббі і будучай прафесіі сталі асноўным лейтматывам сустрэчы хлопцаў, якія сабраліся ў Паставах 5, 6 і 7 лістапада.

З бласлаўлення біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, спатканне праводзілі святары Мікалай Ціхановіч з Глыбокага і Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска. Тэма чарговай сустрэчы была абрана “Быць разам у Пану”. Тры дні своеасаблівых духоўных рэкалекцый былі напоўнены малітвай і разважаннямі. Ксёндз Аляксандр прадставіў канферэнцыю на тэму “Быць разам у Пану, значыць, быць шчаслівым”, якая выклікала цікавы дыялог са святарамі. Ксёндз Мікалай правёў біблійнае спатканне, дзе заахвоціў мець Святое Пісанне ў сябе дома і чэрпаць з Бібліі жыццёвую мудрасць.

Час спаткання быў напоўнены не толькі інтэлектуальнымі заняткамі, але і рознымі гульнямі і магчымасцю паразмаўляць з веруючай моладдзю і святарамі. Мужчынскую кампанію традыцыйна дапаўнялі дзяўчаты з Пастаўскай парафіі Святога Антонія. Хлопцы, у знак удзячнасці за іхнюю дапамогу на кухні, зладзілі вясёлы вечар з музыкай, грылем і сімвалічным феерверкам.

Дзякуй вялікі святарам, якія накіравалі сваіх міністрантаў на восеньскае спатканне і маем надзею, што наступныя спатканні будуць мець значна большы водгук у нашага духавенства. Бо, зразумелая рэч, што пакліканні да Божай службы не валяцца кожны год з дрэва, як восеньскія яблыкі, а нараджаюцца і распазнаюцца падчас жывой камунікацыі ў духоўных асяродках рэкалекцый, спатканняў моладзі, пілігрымках.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч, тэкст
кс. Аляксандр Грыцкевіч, кс. Мікалай Ціхановіч, фота

для друку для друку