У Паставах адбылося адвэнтавае чуванне моладзі

21 снежня ў Паставах у касцёле Св. Антонія і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі сабралася моладзь з Віцебскай дыяцэзіі на адвэнтавае спатканне. Каля 120 маладых людзей з Глыбокага, Падсвілля, Варапаева, Шаркаўшчыны, Браслава, Мёр, Ідолты, Лынтуп, Камаяў, Друі і Пастаў прынялі ў ім удзел.

Сустрэча распачалася св. Імшой, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Затым адбылося дзяленне аплаткам. Моладзь мела магчымасць выказаць словы віншаванняў і пажаданняў не толькі паміж сабой, але і з біскупам Алегам, прысутнымі святарамі і сёстрамі.

У праграме спаткання таксама была канферэнцыя, якую прамовіў ксёндз Алег Хмылко, і праца ў групах. Разважалі на тэму Божага Нараджэння як свята сямейнага. Вельмі важна ў адносінах са сваімі бацькамі браць прыклад са Святой Сям’і, вучыцца ад Езуса пашане да бацькоў і адносінам у духу любові.

У момант асабістай сустрэчы з Езусам, падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта, маладыя вернікі праслаўлялі разам надыход нованароджанага Збаўцы, спевы і разважанні да якой падрыхтаваў моладзевы музычны гурт «Sperantes in Domino» з Глыбокага.

Бласлаўленнем скончылася чарговае чуванне моладзі. Кожны ад’язджаў напоўнены радасцю, супакоем і чаканнем на нараджэнне Хрыста.

Марына Сінкевіч, тэкст
Кс. Алег Хмылко і ўдзельнікі сустрэчы, фота

для друку для друку