У Паставах адбылася сустрэча юнакоў Віцебскай дыяцэзіі

З 12 па 14 чэрвеня ў парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася сустрэча хлопцаў Віцебскай дыяцэзіі. Міністранты і кандыдаты да службы пры алтары прыехалі з розных мясцін нашай дыяцэзіі: з Глыбокага, Варапаева, Шаркаўшчыны, Улы, Параф’янава. Найбольшая група была з Паставаў. Тэмай спаткання стала распазнанне свайго паклікання.

Пад кіраўніцтвам кс. Мікалая Ціхановіча і кс. Аляксандра Грыцкевіча юнакі разважалі над выбарам жыццёвай дарогі. Акцэнт быў зроблены на пакліканне, якое дае Бог кожнаму мужчыне. Як адзначыў кс. Мікалай, мэтай спаткання было дапамагчы сустрэць Бога ў сваім жыцці і адчуць Яго прысутнасць, як Міласэрнага Айца, а не “наштампаваць” кандыдатаў у семінарыю. Таму разважанні і канферэнцыі былі накіраваны на адкрыццё паклікання служыць Богу не толькі ў якасці святара, але і мужа, бацькі, грамадзяніна, прафесіянала.

13 чэрвеня, падчас святкавання парафіяльнага фэсту Пастаўскай парафіі, хлопцы мелі магчымасць служыць пры алтары на святой Імшы, якую цэлебраваў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Біскуп Алег перасцярог браць прыклад з сапсаванага грахом свету і адзначыў важнасць фармацыі юнакоў згодна з вучэннем касцёла. Прыкладам такой фармацыі быў святы Антоній, які адказаў Богу на голас паклікання і ў служэнні Богу і людзям атрымаў вянец святасці.

На заканчэнне сустрэчы, калі ўсе ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі, было адзначана, што кожны атрымаў шмат карыснай інфармацыі, атрымаў адказы на свае пытанні, меў магчымасць падзяліцца сваім сведчаннем веры. Таксама была добрая магчымасць паразмаўляць са святарамі ў нефармальных абставінах. Святары, у сваю чаргу, падзякавалі хлопцам за дысцыпліну і парадак, адзначылі іх жаданне паглыбляць сваю веру і выказалі надзею, што такія сустрэчы будуць працягвацца.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч, тэкст
Фота ўдзельнікаў сустрэчы

для друку для друку