[1]24 і 25 лістапада ва ўтульным горадзе Паставы, у гасціннай парафіі пры касцёле Св. Антонія Падуанскага, адбылася пiлiгрымка сем’яў, арганізаваная душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі пры падтрымцы дабрачыннага фонда “Адкрытыя сэрцы”.
Лейтматывам сустрэчы сталі словы Найсвяцейшай Панны Марыі “Хай будзе мне па слову Твайму”, якія аб’ядналі разважанні арганізатараў і ўдзельнікаў пілігрымкі вакол тэмы асабістай, шлюбнай і сямейнай пакоры перад воляй Усявышняга, а таксама адзін перад адным ва ўсіх аспектах шлюбнага жыцця.
Канферэнцыя а. Віталя Сапегі ОР у думках аднесла нас да вопыту такіх Настаўнікаў Царквы, як св. Ян ад Крыжа і св. Тэрэза Авільская, для якіх пакора і паслухмянасць былі неад’емнай часткай іх веры.
Зварот да падобнага духоўнага погляду з’явіўся зусім неацэнным, паколькі адназначна зацвердзіў кожнага з прысутных у неабходнасці знайсці пакору ў паўсядзённым жыцці, а таксама паказаў важнасць супраціўленню гардыні, якая як жыціца пастаянна ахутвае нашу душу.
[2]У словах кс. Віталя гучаў заклік да таго, каб палюбіць пакору і адкрыць сэрцы для радасці Божай. Бо толькі маючы гэты дар мы здольныя бачыць і духоўны прагрэс, і тыя добрыя змены, якія адбываюцца ў нашым жыцці і ў нашых сэрцах, дзякуючы прадбачлівым дзеянням Бога.
Выстаўленне Святых Дароў, адарацыя далі магчымасць кожнаму ўбачыць сябе ў Хрысце такімі, якімі мы з’яўляемся на самой справе, нагадалі аб важнасці шляху ўнутранага ператварэння, дзякуючы сакрамэнту споведзі і глыбіннай, канчатковай мэты кожнага шлюбу — вечнага збаўлення. Кульмінацыяй гэтага духоўнага свята стала святая Імша. Далей рэкалекцыйны дзень працягнуў Круглы стол. Яднанне на ўзроўнях духу, душы і цела, неабходнасць сумеснай сямейнай малітвы, як шляху ператварэння шлюбных кайданоў і асаблівага паклікання да апостальства, сталі тэмамі, якія былі раскрытыя супрацоўнікамі душпастырства сем’яў і дабрачыннага фонда “Адкрытыя сэрцы”. Танцавальны вечар стаў традыцыйным і радасным завяршэннем насычанага дня.
[3]Пілігрымкі сем’яў сталі для Віцебскай дыяцэзіі ўжо добрай традыцыяй. Асабліва прыемна, што сем’і, якія прыязджаюць на падобныя сустрэчы, паступова ператвараюцца не проста ў супольнасць сяброў, але сапраўдную суполку вернікаў, якая абвяшчае ў сваіх родных гарадах і парафіях Добрую вестку пра тое, наколькі добра ў той сям’і, дзе жыве Хрыстус! І гэта не можа не прыцягваць да пілігрымавання ўсё новых удзельнікаў, бо для сем’яў так важна знаходзіць адказы на свае пытанні, вучыцца ўзрастаць у любові, сумесна знаходзіць веру і перадаваць гэтую спадчыну сваім дзецям.
Наталля Пузанава