У парафіі Віцебскага катэдральнага касцёла ўшанавалі сем’і

sviata_sv. Sjami y Vicebsky0527 снежня ва ўрачыстасць Святой Сям’і ў парафіі Віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага, як і ва ўсёй Беларусі, ушаноўвалі сем’і.

У гэты дзень на святую Імшу прыйшлі не толькі католікі, але і праваслаўныя, бо шмат сем’яў змешаных. Дзе жонка каталічка, а муж праваслаўны ці наадварот- жонка праваслаўная, а муж каталік. Але самае галоўнае, што яны разам прыйшлі да храма.

У сваёй гаміліі пробашч касцёла ксёндз Андрэй Аніскевіч распавёў пра тое, што Бог стварыў сям’ю. І што гэта значыць. Што муж павінен паважаць сваю жонку, а жонка свайго мужа. Што бацькі павінны любіць сваіх дзяцей, а дзеці слухацца сваіх бацькоў і клапаціцца пра іх у іх старасці.

У наш век, асабліва ў нашай краіне, вельмі аслабленая лучнасць паміж членамі сям’і. Пакуль бацькі працуюць, дзеці часта на працягу ўсяго дня застаюцца адны. У сям’і адчуваецца недахоп узаемных кантактаў, шчырых размоў, супольнага адначынку і спажывання пасілкаў, не гаворачы ўжо пра недахоп ці адсутнасць супольнай малітвы.

Беларусь разам з Расіяй займаюць першае месца ў свеце па сямейных разводах. 90% зноў створаных сем’яў распадаюцца. Распадаюцца з-за таго, што спалохаліся сямейных цяжкасцяў, што ставяцца адзін да аднаго без асаблівай павагі і любові, часта думаюць толькі пра сваё “Я”. Што перасталі жыць божымі законамі.

Касцёл вельмі ўстрывожаны такімі дадзенымі статыстыкі. У выніку разводу бацькоў дзеці ў непаўнавартасных сем’ях падвержаны негатыўнаму ўплыву вуліцы, а часам становяцца сіротамі пры жывых бацьках. Касцёл стараецца дапамагчы людзям зберагчы сям’ю.

У дзень урачыстасці Святой Сям’і, усе хто прыйшоў на Імшу, маліліся за ўмацаванне і дабрабыт сваіх сем’яў і сем’яў сваіх родных. На прыканцы Літургіі пробашч касцёла ксёндз Андрэй Аніскевіч благаславіў сем’і.

А потым ўсе пайшлі ў касцёльную кавярню, дзе за кубкам духмянай гарбаты дзяліліся сямейным вопытам.

Анатоль Бандарчук–Вошлаў, тэкст і фота

для друку для друку