У парафіі ў Крулеўшчыне з’явіліся рэліквіі св. Яна Паўла ІІ (+відэа)

Яны былі перададзеныя ў касцёл у в. Крулеўшчына (Докшыцкі дэканат) у нядзелю, 22 кастрычніка.

Менавіта ў гэты дзень, 39 гадоў таму, кардынал Караль Вайтыла заступіў на Святы Пасад. Іерарх ўзяў сабе імя Ян Павал ІІ. Яго пантыфікат працягваўся больш за чвэрць стагоддзя. У 2014 годзе Касцёл абвясціў яго святым.

Таксама ў гэты дзень была асвечаная скульптура святога Яна Паўла ІІ, якая было зробленая на сродкі амбасадара Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Конрада Паўліка і яго сям’і. Гэта скульптура пасля ўзгаднення дакументаў са свецкімі ўладамі будзе ўсталяваная перад уваходам у храм у Крулеўшчыне.

На ўрачыстасць прыбыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які з’яўляецца дапаможным біскупам Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі. Ён і ўзначаліў святую Імшу, якая распачалася ў 15 гадзін з урачыстага ўваходу святароў разам з міністрантамі ў храм. Пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў урачыста ўнёс у храм атрыманыя рэліквіі – капсулу з крывёй святога Папы Яна Паўла ІІ.

На ўрачыстасць сабраліся вернікі парафіі, прадстаўнікі свецкай улады, госці. У якасці ганаровых гасцей на ўрачыстасць прыбылі Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік разам са сваім бацькам Збігневам.

Перад пачаткам Імшы пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў падзякаваў біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за гэты візіт і за дапамогу ў атрыманні рэліквій І ступені святога Папы Яна Паўла ІІ. Таксама асаблівую падзяку святар скіраваў да Амбасадара Польшчы Конрада Паўліка за тую ахвяру, дзякуючы якой парафія мае фігуру Яна Паўла ІІ, якая, спадзяёмся, у хуткім часе зойме сваё пачэснае месца перад уваходам у храм. Падзякаваў ксёндз Юрый і прадстаўнікам мясцовай улады, якія прысутнічалі на гэтай святой Імшы.

У сваім слове да вернікаў біскуп Аляксандр засяродзіўся на асобе Яна Паўла ІІ. Ён распавёў, што яму пашчасціла ў гады навучання ў Рыме сустракацца з Папам і нават служыць яму на Імшы ў якасці клерыка і дыякана.

— Мяне заўсёды ўражвала як Папа ўмеў засяродзіцца на той Эўхарыстычнай таямніцы, якую ён цэлебраваў. І калі Папа адпраўляў святую Імшу (базіліка святога Пятра ў Рыме вельмі вялікая), было бачна, што ў яго, нягледзячы на вялікі натоўп людзей, які прабывае з ім на малітве, ён засяроджаны на таямніцы Эўхарыстыі, на таямніцы Хрыста. Як быццам ёсць толькі ён і Хрыстос.

Біскуп зачытаў таксама пасланне былога сакратара Яна Паўла ІІ, кардынала Станіслава Дзівіша да крулеўшчынскіх вернікаў. Разам з пасланнем у касцёл былі перададзеныя і рэліквіі крыві святога Яна Паўла ІІ.

Напрыканцы Імшы  пробашч парафіі падзякаваў біскупу Аляксандру і Амбасадару Польшчы за прысутнасць на гэтай Імшы, уручыў ім кветкі і падарункі. Ксёндз Юрый аб’явіў таксама, што па дамах парафіі распачне перэгрынацыю выява святога Папы Яна Паўла ІІ, якая ў хуткім часе будзе асвечаная.

Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і святары разам з вернікамі памаліліся Літаніяй да святога Яна Паўла ІІ.

А потым біскуп Аляксандр асвяціў фігуру святога Папы і яго выяву, а таксама шыльду, што будзе ўсталяваная перад касцёлам.

А на самым заканчэнні ўрачыстасці вернікі мелі магчымасць пацалункам ушанаваць рэліквіі святога Яна Паўла ІІ.

Як паведаміў “Каталіцкаму Весніку” ксёндз Юрый Бараўнёў , ён мае намер развіваць культ святога Яна Паўла ІІ у парафіі:

– Сёння вялікая ўрачыстасць, якая адбылася менавіта 22 кастрычніка, калі Папа Ян Павел ІІ успамінаецца ў Каталіцкім Касцёле як святы. Менавіта ў гэты дзень мы асвяцілі яго фігуру, памаліліся аб яго заступніцтве, і каб ён таксама дапамагаў нам з неба ісці гэтым шляхам збаўлення, які вядзе да Божага Валадарства.

Для фігуры святога Яна Паўла ІІ ужо падрыхтаваны пастамент перад уваходам у храм. Спадзяёмся, што хутка будзе атрыманы дазвол ад уладаў, і фігура святога зойме пачэснае месца перад уваходам у святыню.

Зміцер Лупач, тэкст і відэа
Кацярына Лаўрыненка, фота

для друку для друку