У Параф’янаве прайшоў фэст у гонар святога Антонія (+відэа)

parafjanava_antoni21Падзея адбылася ў суботу 11 чэрвеня.

Успамін святога Антонія адзначаецца 13 чэрвеня, але фэст было вырашана перанесці на суботу для таго, каб на яго змаглі прыехаць госці з іншых парафій. Наогул, адметнасць гэтай параф’янаўскай урачыстасці ў тым, што яна заўсёды шматлюдная. Акрамя саміх парафіянаў, сюды прыязджаюць вернікі з іншых парафій, а таксама выхадцы з гэтых мясцін, якія зараз жывуць далёка ад сваёй малой радзімы.

Крыху гісторыі

Сучасны будынак храма быў пабудаваны ў 1900 – 1904 гадах. Гліну для цэглы, што выкарыстоўвалася пры будаўніцтве касцёла, здабывалі ў Парэччы. На кожнай цагліне, вырабленай з той гліны, стаяць ініцыялы Баляслава Корна, тагачаснага пробашча парафіі, які ініцыяваў збор сродкаў на пабудову храма. У 1907 годзе храм быў урачыста асвечаны.

Непадалёк ад Параф’янава ў фальварку Ямнае нарадзіўся Мечыслаў Багаткевіч, які стаў святаром і правёў у параф’янаўскім касцёле сваю першую Імшу. У 1942 годзе ён разам з іншымі святарамі быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і змешчаны ў Беразвецкую турму. 4 сакавіка святароў расстралялі. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ прылічыў іх да ліку блаславёных.

У 1963 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і ператвораны ў склад віннага завода. У 1988 годзе храм быў вернуты католікам. За 25 гадоў будынак касцёла быў значна пашкоджаны і прыйшоў у заняпад. Спатрэбілася 11 гадоў, каб правесці тут рамонт і надаць касцёлу годны выгляд. Гэта сталася дзякуючы працы людзей і тагачаснага пробашча айца Тадэвуша Кавальскага. Зараз пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Раман Мурзіч.

parafjanava_antoni02

Фэст распачаўся пад гукі дуды

Сёлетняя ўрачыстасць як заўсёды сабрала шмат вернікаў. На фэст прыехалі ксёндз Алег Мурзіч з Канстанцінава Мядзельскага раёна, ксёндз Мікалай Ціхановіч з Глыбокага, ксёндз Мікалай Ліпскі з Лучая Пастаўскага раёна, айцец Юрый Катовіч з Докшыц, ксёндз Віктар Місевіч, галоўны рэдактар “Каталіцкага Весніка”.

Адметнасцю сёлетняга фэсту стала тое, што на ім прысутнічалі дудары Віталь Воранаў і Юрась Панкевіч. Калі святары перад пачаткам Імшы заходзілі ў храм, іх суправаджалі гукі дуды.

parafjanava_antoni08

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Алег Мурзіч. Божае слова прамовіў да вернікаў ксёндз Мікалай Ціхановіч.

Святы заступнік з Падуі

У сваім слове да вернікаў ксёндз Мікалай спачатку коратка нагадаў гісторыю жыцця святога Антонія. Будучы святы нарадзіўся ў 1195 годзе ў Лісабоне ў Партугаліі. Калі яму было 15 гадоў, ён уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў, дзе прыняў святарскае пасвячэнне. Пад уражаннем мучаніцкай смерці пяці францішканцаў, якіх забілі мусульмане, ён вырашае ўступіць у гэты ордэн. Там ён прыняў імя Антоній. Потым выехаў на місію ў Марока, але з-за слабага здароўя мусіў вярнуцца.

Па дарозе дадому здарылася караблекрушэнне, і ён вымушаны быў застацца ў Італіі. Там у яго адкрыліся вялікія прамоўніцкія здольнасці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе ён хутка набыў папулярнасць. Быў выпадак, калі паслухаць яго адначасова сабраліся 30 тысяч чалавек!

Памёр Антоній 13 чэрвеня 1231 года і менш як праз год быў кананізаваны. Яго рэліквіі знаходзяцца ў базіліцы ў Падуі, дзе да сённяшняга часу здараюцца цуды. Святы Антоній лічыцца апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных, дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.

Унікаць брыдкаслоўя

Ксёндз Мікалай распавёў пра той час, калі ён знаходзіўся ў базіліцы святога Антонія ў Падуі. Найбольш яго ўразіла тое, што Бог пакінуў нятленным язык святога. Таму сваё казанне ксёндз Мікалай прысвяціў гэтай частцы чалавечага цела. Бо хоць гэты орган параўнальна невялікі, але вельмі важны. З дапамогай яго можна славіць Бога, а можна знішчыць чалавека.

У наш час вельмі шмат людзі брыдкасловяць, часта нават не заўважаючы гэтага за сабой. Даходзіць да таго, што чалавек нават сказа не можа вымавіць, не ўжыўшы некалькі брыдкіх словаў.

parafjanava_antoni13

“Гнілыя словы, інакш іх нельга назваць, становяцца, на жаль, нормай у мове нашага народу. Брыдкаслоўе ўжываецца ў сем’ях як паміж дарослымі, так і, што найгорш, у размове бацькоў з маленькімі дзецьмі,” – адзначыў святар.

Ён адзначыў, што нават язычнікі ўдзялялі вялікую ўвагу значэнню слова. Яны забаранялі брыдкасловіць не толькі ва ўласным доме, а нават і ў хляве, каб не сурочыць жывёлу. Строга забаранялася лаяцца на дзяцей і цяжарных жанчын. На жаль, у наш цывілізаваны час гэта стала нормай жыцця. Але вернікі павінны змагацца з гэтай прывычкай.

Ксёндз Мікалай падкрэсліў: “Як з адной крыніцы не можа выцякаць чыстая і брудная вада, так і з вуснаў чалавека, якія прамаўляюць добрыя словы, не павінны выходзіць пракляцці.”

Напрыканцы свайго слова ён адзначыў, што Бог міласэрны і ў стане дараваць чалавеку яго грахі, у тым ліку і брыдкаслоўе. Ад чалавека патрабуецца толькі цвёрдая пастанова выправіцца і надалей унікаць ужывання гэтых словаў.

Прэм’ера “Малітвы да святога Антонія”

У фэсце ўдзельнічаў глыбоцкі хор “Ave Maria”. Ён упершыню выканаў песню-малітву, прысвечаную святому Антонію, словы да якога напісала Марыя Ючкавіч, якая з’яўляецца парафіянкай гэтага касцёла. Музыку да гэтага твора напісала Ганна Шакола з Глыбокага.

Трэба адзначыць, што песні на словы Марыі Ючкавіч і музыку Ганны Шакола ўжо стала з’яўляюцца на старонках “Каталіцкага Весніка”, а вось пазнаёміліся творцы толькі зараз, на фэсце ў Параф’янаве.

“Мне вельмі прыемна, што я сёння ўпершыню сустрэлася з паэткай Марыяй Ючкавіч. Адбылася прэм’ера нашай “Малітвы да святога Антонія”, думаю, што святы пачуў нашу песню,” – сказала Ганна Шакола.

Жывое кола вакол касцёла

Перад заканчэннем Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Антонія. Пасля адбылася працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі. Людзей было так шмат, што калі апошнія толькі выходзілі з касцёла, то пачатак працэсіі ўжо падыходзіў да яго з іншага боку. Атрымоўвалася, што касцёл адначасова быў апаясаны жывым колам з людзей.

parafjanava_antoni21

Закончылася працэсія спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Канцэрт у храме

Пасля заканчэння святой Імшы сам фэст не закончыўся. Удзельнікаў свята чакаў святочны канцэрт і пачастунак. Усё гэта павінна было адбыцца на свежым паветры перад парафіяльным домам. Але надвор’е ўнесла свае праўкі. Пасля заканчэння Імшы пайшоў дождж, і таму канцэртная праграма таксама прайшла ў храме.

Таму гурт “Рэха”, які прыехаў на фэст, выступаў перад вернікамі ў святыні. Як адзначыў саліст гурта Андрусь Такінданг: “Вядома, дождж крыху нам перашкодзіў, бо ў касцёле мы можам граць не ўвесь свой рэпертуар, ды і моладзь не можа патанчыць, але мы ўсё роўна ўдзячны пану Богу за магчымасць выступіць.”

parafjanava_antoni27

Таксама перад вернікамі выступілі дудары Юрась Панкевіч і Віталь Воранаў. Спадар Віталь распавёў пра гісторыю гэтага музычнага інструмента, які быў раней вельмі распаўсюджаным у нашай мясцовасці. Зараз традыцыя перарвалася, але апошнія гады назіраецца адраджэнне дуды.

“Мая мара – зрабіць у Глыбокім фэст дудароў. А пакуль мы выступім у ліпені на Вішнёвым фэсце ў Глыбокім, куды ўсіх вас запрашаем,” – звярнуўся Віталь Воранаў да ўдзельнікаў фэсту.

Дарэчы, з-за дажджу пачастунак таксама адбыўся ў касцёле. Як адзначыў ксёндз Раман Мурзіч: “Вядома, касцёл – гэта месца малітвы, але касцёл – гэта таксама жывыя людзі. Таму па майму запрашэнню прыехалі музыкі, якія таксама нам прыносяць радасць сваімі талентамі”.

На ўрачыстасці прысутнічала шмат моладзі. Шмат хто з маладых людзей хутка пакіне гэтыя мясціны, каб паехаць вучыцца або працаваць. Але ёсць упэўненасць, што штогод яны будуць вяртацца ў Параф’янава, каб прыняць удзел у фэсце ў гонар святога Антонія.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку