У Параф’янаве Докшыцкага дэканату адбыўся фэст у гонар Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (+відэа)

parafianava_10Падзея адбылася ў панядзелак 12 верасня. Нягледзячы на тое, што гэта быў працоўны дзень, у святыні сабралася каля паўтысячы вернікаў.

Галоўная Імша ўрачыстасці распачалася ў 16 гадзін. У ёй прынялі ўдзел ксяндзы Раман Мурзіч, пробашч парафіі ў Параф’янаве, Мікалай Ліпскі з Лучая, Віталь Галец з Ушачаў, айцы Марак Пасют і Андрэй Букштан, а таксама сёстры Надзея і Маргарыта з Докшыц. Акрамя вернікаў парафіі на фэст прыехалі вернікі з Мінска, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Ваўкалатаў, Лучая, іншых мясцін нашай краіны.

Богаслужэнне правёў айцец Андрэй Букштан OFMCap, які зараз служыць у Докшыцах. У сваім слове да вернікаў ён звярнуў увагу на вобраз Марыі як Маці.

parafianava_19

“Маці з’яўляецца самым блізкім чалавекам у нашым жыцці, — адзначыў святар, — таму і Божая Маці з’яўляецца для нас усіх такой асобай. Яна дапамагае нам прыйсці да Бога. Часта чалавек, зграшыўшы, баіцца заглянуць у вочы Бога. І гэты страх з’явіўся ў людзей яшчэ з біблейскіх часоў, пасля таго, як змей спакусіў Еву.”

“Але Бог ёсць любоў, і ён стварыў чалавека для любові, — падкрэсліў святар, — таму няма такога граху, якога Бог не ў стане дараваць”. Галоўнай умовай гэтага павінна быць толькі шчырае пакаянне чалавека. І ў гэтым яму можа дапамагчы Марыя. Яна можа служыць нам прыкладам чысціні, сціпласці, пакоры.

Часта ў жыцці здараецца так, што чалавек імкнецца сваю віну перакласці на іншага: мужа, жонку, суседа, начальніка, падначаленага. Але за свае правіны трэба вучыцца несці адказнасць самаму. І калі мы самі пачнем мяняцца ў лепшы бок, то тады і нашы бліжнія таксама зменяцца.

А пачаць жыццё нанова ніколі не позна, — адзначыў айцец Андрэй, — для гэтага трэба толькі прыйсці да Марыі і ад шчырага сэрца папрасіць аб гэтым. І Яна абавязкова дапаможа.

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі. Вернікі паднеслі да алтара кветкі, як сімвал прыгажосці свету, мёд і лекавыя расліны, што аздараўляюць нас фізічна, садавіну і хлеб, што даюць нам фізічныя сілы, а таксама святыя дары: гостыю, віно і ваду, якія даюць нам духоўныя сілы і яднаюць з Богам.

parafianava_04

Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, пасля чаго вернікі памаліліся літаніяй да Маці Божай. А па заканчэнні літаніі адбылася працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі.

Закончылася Імша спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”, а пасля гімна хор праспяваў песню “Ave Maria”, словы да якой напісаў Зянон Пазняк, а музыку – Ігар Лучанок.

Але святой Імшой уласна фэст не скончыўся. Гасцей свята чакаў яшчэ канцэрт на свежым паветры. На гэты раз парадаваць вернікаў сваім выступам прыехалі спявак Лявон Вольскі і саксафаніст Павел Аракелян. Лявон і Павел выступаюць тут не ўпершыню. Як прызналіся выканаўцы, перад касцельнай публікай ім даводзіцца выступаць толькі ў нас на Віцебшчыне, тут, у Параф’янаве і ў Лучаі.

Пасля іх выступіў спявак Сяргей Савіцкі, які выканаў песні з рэпертуару ансамбля “Песняры”.  Калі песні Лявона Вольскага больш любяць слухаць гледачы маладога і сярэдняга веку, то выступ Сяргея больш крануў людзей старэйшых. Некаторыя нават танчыць павыходзілі!

parafianava_34

Падчас канцэрта быў арганізаваны пачастунак для гасцей, які падрыхтавалі галоўныя спонсары свята. Так ксёндз Раман называе сваіх парафіян. Паспрыяла святу ў гэты раз і надвор’е, якое можна было назваць летнім, нягледзячы на тое, што на двары ўжо верасень.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку