У Параф’янаве адзначылі фэст у гонар св. Антонія і 15-гадовы юбілей святарства

13 чэрвеня ва ўспамін святога Антонія ў Параф’янаве мясцовыя вернікі адзначылі парафіяльны адпуст. На працягу дня ў касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі трывала малітва. А 11-й гадзіне распачалася св. Імша, якую ўзначаліў кс. Мікалай Ціхановіч, дзекан з Глыбокага, слова да вернікаў прамовіў кс. Алег Півавар з Ваўкалаты.

Пробашч кс. Раман Мурзіч на самым пачатку прывітаў прысутных святароў і вернікаў, якія сабраліся на адпустовую Эўхарыстыю. Святар запрасіў маліцца і прасіць праз заступніцтва св. Антонія, які з’яўляецца апекуном параф’янаўскай парафіі, каб Бог адараў усіх патрэбнымі ласкамі і ўзмацняў у веры.

У гаміліі ксёндз Алег спачатку нагадаў некаторыя факты з гісторыі жыцця святога Антонія, а таксама звярнуў увагу на тое, што Езус пасылае пакліканых туды, дзе сам хоча быць. Пасылае ў парафію святароў і сясцёр, каб Божае слова даходзіла да кожнага сэрца. Так і св. Антоні, быў выбраны Богам яшчэ з маленства. Але ўжо ў той час яго атакаваў шатан. Будучы мудрым хлопцам у 15 год пайшоў у кляштар, у 20 гадоў стаў святаром. Шмат было выпрабаванняў і цяжкасцей на жыццёвым і святарскім шляху св. Антонія.

На заканчэнне прамовы святар нагадаў, што мы павінны дзякаваць святым заступнікам, за тое што накіроўваюць на шлях да Бога, а таксама за тых, каго Бог ставіць на нашым шляху, каб маглі чуць Божае слова, разважаць і жыць ім.

Перад заканчэннем Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся Літанію да святога Антонія. Адарацыя, якую праводзілі ружанцовыя колы, цягнулася да 17-й гадзіны і скончылася св. Імшой.

15 год таму, 13 чэрвеня 2002 года, тут у параф’янаўскай святыні, а. Сяргей Мацюшонак і кс. Аляксандр Дулінец прынялі святарскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі Антонія Дыдыча OFMCap, біскупа Драгічынскай дыяцэзіі (Польшча) . Вось і цяпер святары-юбіляры дзякавалі Богу за дар паклікання менавіта на гэтым месцы. Узначаліў Эўхарыстыю а. Сяргей, казанне прамовіў кс. Аляксандр. На пачатку св. Імшы кс. Раман і парафіяне павіншавалі юбіляраў і прысутных бацькоў святароў: Станіслава і Марыю Дулінцоў, Альфонса і Тэрэсу Мацюшонкаў. Бацькі ў сваю чаргу дзякавалі Усемагутнаму Богу за сваіх сыноў, за магчымасць у той час перадаць ім веру і каталіцкае выхаванне.

На заканчэнне Літургіі адбылося набажэнства да св. Антонія ў інтэнцыі святароў, якія 15 год таму прынялі сакрамант святарства, і Эўхарыстычная працэсія вакол святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Уладзіслаў Салавей, фота

для друку для друку