У Параф’янаўскім Доме культуры з вялікім поспехам прайшла калядная батлейка

parafjanava_kancert24

У ёй выступілі дзеці з Параф’янаўскай парафіі імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Да выступлення дзеці рыхтаваліся ад пачатку Адвэнту. Іх рыхтавалі законныя сёстры, бацькі і настаўнікі. Пры гэтым у пастаноўцы маглі ўзяць удзел усе жадаючыя, нягледзячы на свае артыстычныя здольнасці.

Як паведаміла сястра Марына Ескевіч: “Я як рыхтую сцэнкі, то бяру ўсіх дзяцей, мне не важна, маюць яны акторскія здольнасці або не. Галоўнае, каб яны змаглі выйсці на сцэну, выступіць перад бацькамі. Яны тады такія радасныя.”

Адной з вядоўцаў на мерапрыемстве была Аксана Ючкавіч, якая нарадзілася і вырасла ў Параф’янаве. Зараз яна жыве і працуе ў Мінску, але не парывае сувязяў са сваёй сям’ёй і парафіяй, якую таксама можна назваць вялікай сям’ёй. Асабліва ў Параф’янаве!

– Я сама родам з гэтай парафіі. Сёння мяне запрасілі на ролю вядоўцы. Калісьці малой дзяўчынкай я таксама ўдзельнічала ў батлейцы, была пастушком, гэта была мая любімая роля. Потым дарасла да анёла, а ў 11 класе сыграла нават Маці Божую. Ну а зараз я ўжо толькі вядоўца.

Дзеці падрыхтавалі дзве сцэнкі: адна з іх была традыцыйнай батлейкай, а другая паказвала свята Божага Нараджэння ў 3000 годзе.

У першай сцэнцы дзеці паказалі як з’яўленне маленькага Анёла пад час калядных святаў змяняла сітуацыю да лепшага ў розных жыццёвых сітуацыях: гандлярка станавілася чэснай і не хацела прадаваць тухлай рыбы, бацька згаджаўся аддаць дачку за хлопца, якога яна кахала, муж-п’яніца станавіўся на шлях выпраўлення, паляўнічы пашкадаваў забіваць зайца…

У другой сцэнцы дзеці паказалі свята Божага Нараджэння праз тысячу гадоў. Падзеі адбываюцца ў Афрыцы, якая стала за гэты час перадавым кантынентам. Настолькі перадавым, што людзі забыліся на Бога, яны смяюцца з Заходняй Еўропы, якая ў іх вачах выглядае адсталай. Але якраз там людзі яшчэ не забыліся на Бога, там можна яшчэ знайсці Біблію. І ў рэшцэ Божае слова перамагае, афрыканцы разумеюць, што без Божага слова сэрца чалавека пустое і наогул няма сэнсу ў чалавечым жыцці.

Гледзячы па рэакцыі гледачоў, выступленне ім вельмі спадабалася. Ды і самім акторам таксама!

Не забыліся на святочнай праграме і пра дарослых. Для іх таксама былі падрыхтаваныя конкурсы і загадкі.

Трэбы было асвяжыць свае веды пра Святое Пісанне, узгадаць, якія калядныя спевы яны ведаюць, успомніць калядныя спевы сваіх продкаў. Апладысментамі гледачы сустрэлі выступ адной са сваіх парафіянак, якая не толькі ўзгадала старую калядку, але і праспявала яе на польскай мове. Шмат хто з прысутных гэты спеў падхапіў.

Ну а пасля гэтага ўсіх завёў брат Войтэк з Докшыц, які запрасіў усіх артыстаў на сцэну на супольны танец. Дарэчы, да ўдзелу у ім запрашалі і дарослых. Было вельмі прыемна глядзець на радасных і шчаслівых дзяцей, якія танчылі на сцэне разам з сёстрамі і, вядома ж, братам Войтэкам.

Але і на гэтым святочная праграма яшчэ не скончылася. Свята працягнулася ў фае Дома культуры, дзе разам танцавалі і дзеці, і моладзь, і дарослыя. Не адставалі ад іх і брат Войтэк з сёстрамі. Было відаць, што свята ў Параф’янаве ўдалося.

Як паведаміў адзін з гледачоў Ян Вярэнька, які прыехаў на свята з Докшыц і прывёз з сабой дзецей з суседняй парафіі:

“Выхаванне залежыць ад дзіцячага ўзросту, як дзіця выхаваеш, так ён і вырасце. Калі з дзяцінства яму прывіць любоў да Бога, то ён будзе і надалей жыць паводле Божых наказаў. Бо ўжо ў дарослым узросце Богу і касцёлу будзе цяжэй даклікацца да яго сэрца”.

А такія святы якраз і спрыяюць такому выхаванню. Задаволеным выступам дзяцей застаўся і пробашч парафіі ў Параф’янаве ксёндз Раман Мурзіч:

– Для мяне асабліва радасна, што ўся парафія жыве святам Божага нараджэння, бо гэта радасць у сям’і, радасць у парафіі. Кожны ўдзельнічаў у сённяшнім свяце, нават малыя дзеці чыталі вершы з такім захапленнем, і дарослыя таксама ўдзельнічалі. Няхай гэтае свята Божага Нараджэння будзе для кожнага супакоем і радасцю і надалей.

Што ж, да гэтых словаў цяжка што дадаць. Нам жа застаецца пажадаць маленькім артыстам удалага выступу ў Віцебску, які адбудзецца 9 студзеня.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

 

для друку для друку