У Папскім універсітэце праходзіць семінар для журналістаў

zurnalistДапамагчы прафесійна “апавядаць пра каталіцтва ў эпоху Францішка” пакліканы вучэбны семінар для журналістаў, які 5-11 верасня 2016 г. праходзіць у Папскім універсітэце Святога Крыжа. У форуме прымаюць удзел 40 прадстаўнікоў СМІ з 18 краін свету.

На працягу цэлага тыдня яны будуць наведваць розныя ватыканскія структуры і слухаць лекцыі аб жыцці і гісторыі Касцёла, мэтах і дзейнасці Рымскай курыі, каталіцкім поглядзе на такія актуальныя тэмы як: біяэтыка, сям’я і сужэнства, міжрэлігійныя і экуменічныя адносіны, ахова навакольным асяроддзя, мір у свеце і многія іншыя.

Перад журналістамі выступяць высокія ватыканскія іерархі: старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” і прэфект новастворанай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Сакратарыяту па экананамічных пытаннях кардынал Джордж Пэл, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, а таксама сакратар Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы кс. Лусіа Адрыян Руіс і кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Падобны вучэбны курс арганізуецца Папскім універсітэтам Святога Крыжа ўжо ў пяты раз. У мінулыя гады ў форуме ўдзельнічалі журналісты шматлікіх буйных выданняў: амерыканскіх “The New York Times” і “USA Today”, брытанскіх “The Guardian”, “The Times”, “The Financial Times” і “BBC”, італьянскага “Corriere della sera”, аўстралійскага “The Record”, паўднёваафрыканскага “The Southern Cross”, венесуэльскага “The National Post”, “CBC” і “El Universal”, швейцарскага “Neue Zürcher Zeitung” і партугальскага “Radio Renascença”.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку