Урачыстасць адбылася ў нядзелю 15 ліпеня падчас візітацыі біскупа Алега Буткевіча ў парафію Божай Міласэрнасці ў Пагошчы.
Спачатку іерарх асвяціў новы крыж у цэнтры вёскі, а потым урачыстая працэсія скіравалася да касцёла. Хаця ў храме ўжо сямнаццаць год гучаць малітвы, да гэтага часу не адбылося яго дэдыкацыі.
Вернікі разам з пробашчам вельмі старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Храм быў упрыгожаны як знутры, так і звонку. Ад касцельнай брамы да ўвахода ў касцёл была выслана прыгожая дарожка з жывых кветак. Як заважыў біскуп Алег, на такую прыгажосць нават не хацелася ступаць нагамі. Гэту прыгажосць стварылі старэйшыя верніцы парафіі.
Храм быў цалкам запоўнены вернікамі. На ўрачыстасць прыбылі таксама ксяндзы Анджэй Бочар з Далёкіх і Эдвард Ахрамовіч з Опсы. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, дапамагаў яму ксёндз Эдвард, які ў свой час быў пробашчам у Пагошчы.
На пачатку богаслужэння біскуп звярнуўся з кароткім словам да вернікаў. Ён адзначыў: “У гэты прыгожы дзень 15 ліпеня ў 15-ю Звычайную, але незвычайную нядзелю будзе асвечаны гэты касцёл”. Іерарх падзякаваў святарам, якія раней тут служылі, у тым ліку і ксяндзу Эдварду, што прысутнічаў на гэтай Імшы.
Словы падзякі былі выказаныя і цяперашняму пробашчу ксяндзу Славаміру Самковічу, які служыць тут з 2015 года, і паспеў шмат зрабіць як у справе матэрыяльнага добраўпарадкавання святыні, так і духоўнага развіцця парафіі.
Асобую падзяку ад ардынарыя атрымаў кіраўнік мясцовай гаспадаркі Рамуальд Шукель, які, па словах біскупа, з’яўляецца шматразовым ахвярадаўцам гэтай святыні. Шмат у чым дзякуючы яму стала магчымым тое, што Пагошча мае гэты касцёл.
Іерарх выказаў таксама цёплыя словы хору, музыкантам і ўсім вернікам, якія сабраліся на гэту ўрачыстасць. “Вельмі добра тое, што святыня сёння не пустуе,” – адзначыў ён.
Пасля малітвы на асвячэнне вады біскуп акрапіў ёю алтар, сцены храмы і саміх вернікаў.
На самым пачатку гаміліі іерарх узгадаў словы Езуса Хрыста, якія Ён сказаў Пятру: “На табе збудую свой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць яго”. Далей біскуп паразважаў на тэму нашай ахвяры Богу, адзначыўшы, што кожная сумленна выкананая праца і ёсць гэтай ахвярай.
Ахвяра – гэта тое, што яднае людзей у Імя Божае. А наш шлях да алтара ляжыць праз канфісіянал, бо толькі з чыстым сумленнем мы можам удзельнічаць у Эўхарыстыі.
На жаль, сучасны свет усё далей аддаляецца ад Бога. Людзі не хочуць рабіць урокаў з нядаўняга мінулага, якое паказала да чаго прыводзіць жыццё без Бога.
Біскуп параўнаў Касцёл і сям’ю, назваўшы яе маленькім Касцёлам. На жаль, ужо губляецца традыцыя супольнага сямейнага абеда, які яшчэ нядаўна быў звычайнай справай у сям’і. Людзі не толькі сумесна спажывалі ежу, але і абмяркоўвалі сямейныя справы і гэта яднала сям’ю. Так і супольная прысутнасць на Імшы яднае нас, робячы нас адной хрысціянскай сям’ёй, адзначыў іерарх.
Біскуп адзначыў, што Езус стаў адначасова ахвярай, алтаром і святаром, таму вельмі важна прысутнічаць на Імшы, калі на алтары прысутнічае жывы Бог. Алтар – гэта і ёсць вобраз Езуса Хрыста. І кожны з нас, прымаючы Езуса Хрыста, з’яўляецца гэтым алтаром.
Біскуп Алег ад усяго сэрца пажадаў кожнаму верніку заставацца гэтым алтаром, каб Бог заўсёды быў на першым месцы ў нашым жыцці.
Затым вернікі разам з біскупам Алегам і святарамі памаліліся літаніяй да Усіх Святых, як гэта адбываецца перад важнай падзеяй – асвячэннем храма.
Пасля гэтага біскуп намасціў алтар святым алеем, а ксёндз Эдвард – адмысловыя крыжыкі на сценах касцёла. Затым алтар быў засцелены белым абрусам і на яго быў пастаўлены посуд з пахучымі зёлкамі для кадзіла. Біскуп засыпаў іх у кадзіла і акадзіў алтар і ўвесь храм, які напоўніўся прыемным водарам.
Цікава, што пад час асвячэння храма свяціла сонца, і адначасова ішоў дождж, які спыніўся адразу пасля асвячэння. Ардынарый назваў гэта добрым знакам, які Бог пасылае нам з неба.
Затым біскуп перадаў запаленую свечку як сімвал Божага святла пробашчу, які ад яе запаліў свечкі на алтары.
Пасля гэтага адбылася працэсія з дарамі, у якой прынялі ўдзел дзеці парафіі. Яны паднеслі іерарху свечку, Біблію, садавіну, кветкі , хлеб, віно і гостыю.
Напрыканцы Імшы быў падпісаны біскупскі дэкрэт аб асвячэнні касцёла Божай Міласэрнасці ў Пагошчы. Яго падпісалі біскуп Алег, ксёндз Эдвард Ахрамовіч, ксёндз Славамір Самковіч і Рамуальд Шукель. Рамуальд Іванавіч заслужыў такі гонар тым, што шмат разоў дапамагаў касцёлу. Па яго словах, гэта стала для яго нечаканасцю, ён першы раз у жыцці падпісаваў такі дакумент, і гэта ён лічыць адной з самых значных падзей у сваім жыцці.
Пасля таго, як біскуп Алег удзяліў сваё бласлаўленне, вернікі выказалі падзякі ардынарыю і святарам за сённяшнюю ўрачыстасць і ўручылі ім кветкі. Словы падзякі былі выказаныя і ў адрас ксяндза Кшыштафа Менкіны, які быў першым святаром у гэтай парафіі. Ён будаваў гэты храм, а таксама будаваў саму супольнасць вернікаў у Пагошчы. Ён таксама быў запрошаны на гэту ўрачыстасць, але не змог прыехаць, бо знаходзіўся ў гэты час за мяжой. А пробашч парафіі ксёндз Славамір выказаў словы падзякі і ўручыў кветкі Рамуальду Шукелю, без дапамогі якога гэта ўрачыстасць магла не адбыцца.
Закончылася ўрачыстасць спевам гімну “Магутны Божа”, паля чаго ўсіх чакаў супольны абед на прыкасцельнай тэрыторыі.
Больш здымкаў можна паглядзець тут, а таксама на старонцы парафіі УКантакце
Зміцер Лупач, тэкст і фота
