У Оршы прайшла чарговая сустрэча святароў Віцебскай дыяцэзіі (+відэа)

Яна была прысвечаная падрыхтоўцы да святкавання стогадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

Спатканне адбылося ў аўторак, 21 сакавіка, у парафіі святога Юзафа. Асноўным момантам спаткання стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён паведаміў, што ў стогадовую гадавіну фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай Віцебскую дыяцэзію наведае Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. 13 мая, у дзень стагоддзя аб’яўленняў, у парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне ён сустрэнецца са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі.

З гэтай нагоды віцебскі ардынарый заклікаў святароў арганізаваць прысутнасць у Шуміліне як мага больш вернікаў.

Падчас гаміліі, якую прамовіў а. Анджэя Юхневіч ОМІ з Шуміліна, было падкрэслена вялікае значэнне асобы Марыі ў нашым збаўленні, нашым навяртанні. Святар адзначыў, што наш біскуп сваім дэвізам выбраў словы “Fiat voluntas tua”, што азначае “Будзь воля Твая”. Такімі словамі адказвае Госпаду і Марыя “Няхай мне станецца паводле слова Твайго”. Гэты дэвіз павінен стаць жыццёвай праграмай для ўсіх вернікаў.

Разважалі таксама пра вялікую адказнасць, якую нясе святар перад сваімі вернікамі. Ксёндз — чалавек, які таксама памыляецца. Але што і як бы ён не зрабіў, абавязкова знойдуцца тыя людзі, якія яго асудзяць. Тым не менш, ён павінен несці людзям Божае слова, нягледзячы на тое, што пра яго будуць казаць людзі навокал.

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў для “Каталіцкага Весніка”, што той факт, што сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў праходзяць у розных месцах дыяцэзіі, стаў ужо добрай традыцыяй на Віцебшчыне. Гэта дазваляе пазнаёміць святароў з рэлігійным жыццём у розных частках дыяцэзіі. Бо гэта жыццё мае значныя адрозненні ў заходняй і ўсходняй частках. Таксама прысутнасць святароў на супольнай малітве абуджае людзей у невялікіх парафіях, паказвае ім, што яны з’яўляюцца часткай вялікай каталіцкай сям’і, а прысутнасць біскупа нагадвае таксама аб еднасці з Апостальскай Сталіцай.

Наступная сустрэча святароў пройдзе ў віцебскай катэдры ў Вялікі чацвер 13 красавіка. А ўжо роўна праз месяц, 13 мая, у дзень пачатку фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай, святары разам з вернікамі збяруцца ў Шуміліне, каб супольна адзначыць гэты юбілей і сустрэцца з пасланнікам Апостальскай сталіцы арцыбіскупам Габарам Пінтарам. Заклікаем усіх чытачоў “Каталіцкага Весніка” прыняць удзел у гэтай сустрэчы!

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку