У Ордэне Піяраў распачынаецца Юбілейны Год

lagaty-p-yubilejnaga-goda-2017Айцы Піяры рыхтуюцца да святкавання Юбілейнага Года ва ўсім свеце, дзе прысутныя піяры. У Беларусі айцы нясуць сваё служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі: у Шчучыне (ад 1718 г.), у Лідзе (ад 1755 г.) і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Чавусах (ад 2007 г.).

Падчас Юбілейнага Года, які мае дваякі характар, айцы піяры будуць святкаваць 400-годдзе існавання Ордэна Піяраў і 250 год з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса.

Дэвіз Юбілейнага Года складаецца з трох дзеясловаў дакладна з сабой спалучаных: ВЫХОЎВАЦЬ, АБВЯШЧАЦЬ, ПЕРАМЯНЯЦЬ.

Дзеці і моладзь – гэта тыя, каму айцы піяры прысвячаюць сваё жыццё! Яны заўсёды ў цэнтры піярскага паклікання, таму што дзякуючы ім з’явіўся Ордэн Піяраў, як багаты плён сэрца св. Юзафа Каласанса.

Айцы піяры запрашаюць святкаваць гэты Юбілей усіх тых, хто жадае перажыць яго абапіраючыся на тыя самыя каштоўнасці, якія сталі фундаментам на пачатку жыцця св. Юзафа Каласанса.

Афіцыйнае распачацце Юбілейнага Года адбудзецца 27 лістапада 2016 года ў касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Яго Эмінэнцыя кардынал Жуан Брас дэ Авіс (Joao Braz de Aviz), Прэфект Кангрэгацыі да спраў Інстытутаў Кансэкраванага Жыцця і Таварыстваў Апостальскага Жыцця.

Юбілейны Год будзе закрыты 25 лістапада 2017 года ў касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Генеральны настаяцель Ордэна Піяраў а. Пэдро Агуадо SP.

Урачыстае распачацце Юбілейнага Года ў піяраў у Беларусі адбудзецца:

— у Шчучыне ў суботу – 26 лістапада (падчас св. Імшаў) 
— у Лідзе (Індустрыяльны) і ў Чавусах у нядзелю – 27 лістапада (падчас св. Імшаў)

З гісторыі заснавальніка і Ордэна

Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна Духоўных Убогіх Рэгулярных Божай Маці Пабожных школ (Айцы піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва ўніверсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый (прывілей). Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы на святарскае жыццё. Прычынай былі яго асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне Рыма за ракой Тыбр, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся “адкідамі грамадства”. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў родную Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем і адміністратарам.

Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. У выніку ўзнікае супольнасць. Сетка школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя ўлады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў адчыняюць свае дзверы не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі.

Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі складанымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў Апостальскі Пасад аднавіў дзейнасць ордэна піяраў.

7 жніўня 1748 г. Папа Бэнэдыкт XIV беатыфікаваў св. Юзафа Каласанса, а 16 ліпеня 1767 г. Папа Клімент XIII яго кананізаваў. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае св. Юзафа Каласанса «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».

Урачыстасць св. Юзафа Каласанса: 25 жніўня

Свята Апекі св. Юзафа Каласанса (Patrocinium): 27 лістапада

 а. Аляксандр Махнач SP

для друку для друку