У Новым Пагосце адрадзілі традыцыю фэсту (+ гамілія і відэарэпартаж)

novy_pahost05У Новым Пагосце (Шаркаўшчынскі дэканат) у суботу, 17 верасня, адбылася парафіяльная ўрачыстасць.

Яна была прысвечана атрыманню святым Францішкам стыгматаў, што адбылося 17 верасня 1223 года. Падчас малітвы на гары Альверна яму з’явіўся вобраз укрыжаванага серафіма. Калі ж гэты вобраз знік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы – раны на ўзор ранаў укрыжаванага Хрыста. Таму абраз, на якім адлюстравана гэта падзея, ёсць і ў касцёле ў Новым Пагосце.

Як распавядае пробашч касцёла ксёндз Аляксей Асон, у другой палове ХІХ стагоддзя касцёлам у Новым Пагосце некаторы час апякаваліся манахі-францішкане. З тых часоў і ўзнікла ў парафіі традыцыя – ушаноўваць дзень атрымання святым Францішкам стыгматаў. Урачыстасці заўсёды папярэднічала саракагадзіннае набажэнства, калі на працягу гэтага часу вернікі маліліся ў касцёле.

novy_pahost27

Фота кс. Аляксея Асона

Праўда, потым традыцыя перарвалася. І вось сёлета адбылося яе адраджэнне.

Усе сорак гадзін у храме па чарзе маліліся людзі. Асабліва прыгожа глядзеўся асветлены касцёл уначы. А ў суботу а дзесятай гадзіне распачалася ўрачыстая Імша, на якую сабралася шмат вернікаў і святароў. Імшу ўзначаліў айцец Андрэй Букштан з Докшыц.

novy_pahost26

Фота кс. Аляксея Асона

У сваім слове да вернікаў ён звярнуў увагу на святасць. Ксёндз адзначыў, што святымі людзі не нараджаюцца, імі становяцца. І жыццё святога Францішака тут можа быць прыкладам. “Але не трэба думаць, – адзначыў святар, – што святыя жылі толькі ў мінулыя часы. Яны ёсць і сёння. І тут прыкладам можа быць жыццё святога Папы Яна Паўла ІІ, а таксама святой Маці Тэрэзы з Калькуты”.

Завяршылася богаслужэнне літаніяй да святога Францішка і ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку