У Негарэлым асвечаны новы касцёл (+відэа)

sviatyniaХрам асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гэта адбылося ў суботу 6 жніўня падчас свята Перамянення Пана.

Дарэчы, у гэты дзень парафія ў Негарэлым, якая носіць імя Перамянення Пана, святкавала сваё 10-годдзе.

Спачатку была канцэртная праграма

Святочны настрой у Негарэлым адчуваўся ўжо з самай раніцы: з Дома культуры даносілася музыка, каля касцёла завіхаліся некалькі жанчын, якія ўпрыгожвалі ўваход у храм кветкамі. Праграма святочных мерапрыемстваў у Негарэлым была па-свойму адметнай. Распачалася яна з канцэртнай праграмы ў Доме культуры, а ўжо пасля яе была святая Імша з пасвячэннем касцёла. Хаця ў праграмах бальшыні фэстаў бывае наадварот – спачатку адбываецца Імша, а потым бывае канцэрт.

zala_himn

Гучыць гімн «Магутны Божа»

Урачыстасць у Доме культуры распачалася са спеву гімна “Магутны Божа” ў выкананні саліста арт-групы “Беларусы” Валерыя Шмата. Усе прысутныя слухалі яго стоячы. Затым вядучыя мерапрыемства Аліна і Максім Угорычы запрасілі на сцэну Валянціна Грыба, кіраўніка будаўнічай брыгады, якая ўзводзіла сцены святыні. Ён паклаў першы букецік кветак у агульны святочны букет, які пачалі збіраць тут, на сцэне. Звяртаючыся да ўдзельнікаў святкавання Валянцін Грыб сказаў:

– Пачуццё радасці запаўняе грудзі, душу. Я рады, што ва ўсіх нас сёння свята. Я шчыра віншую вас! Прыемна, што вы нас памятаеце, што мы пакінулі хаця б маленькі след у вашым жыцці.

Затым на сцэну паднялася сям’я Таццяны і Мікалая Міляшкевічаў. Яны таксама паклалі свае кветкі ў агульны букет і ўсёй сям’ёй падаравалі прысутным святочны настрой, выканаўшы песню і танец.

siamja_miliaszkievicz_2

Сям’я Міляшкевічаў

Далей вядучыя запрасілі на сцэну ўсіх дзяцей парафіі, якія ў якасці падарунка прыпаднеслі гледачам свае шчырыя ўсмешкі. Вядома ж, яны таксама паклалі свае кветкі ў агульны святочны букет. Каб не паўтарацца, трэба адзначыць, што свае кветкі туды ўкладалі ўсе госці сцэны, і ў выніку напрыканцы першай часткі атрымаўся вялікі прыгожы букет. Ідэю збірання такога букета можна патлумачыць тым, што невялікі ўклад чалавека ў агульную справу ў выніку робіць яе вялікай і значнай.

Пасля дзяцей на сцэну быў запрошаны пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF. Ён блаславіў вернікаў, адзначыўшы, што шмат гаварыць не будзе, бо галоўная частка мерапрыемства яшчэ наперадзе. Затым на сцэну выйшаў ганаровы госць свята – спявак Валерый Шмат. Ён выканаў любімы спеў Яна Паўла ІІ “Езус ішоў узбярэжжам”.

szmat

Валерый Шмат

Перад тым, як выканаць песню, спявак звярнуўся да гледачоў, заклікаўшы іх годна несці свой крыж па жыцці:

– Што значыць крыж? Гэта неабавязкова нейкія вялікія справы. Гэта штодзённыя справы мужа, жонкі да сваіх дзяцей. Захаваць вернасць, любоў, павагу, пражыць жыццё і застацца чалавекам, – вось наш самы маленькі крыж. А святы айцец Ян Павел ІІ прызывае нас, каб мы заўсёды аб гэтым памяталі.

Затым на сцэну падняўся парафіяльны хор, які сваім спевам прывітаў удзельнікаў святочнага мерапрыемства.

Потым на сцэну запрасілі прадстаўнікоў мясцовай улады. Гэта кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч, супрацоўнік гэтага аддзелу Сяргей Мінько, старшыня сельсавету ў Негарэлым Васіль Гаркаўчук. Прадстаўнікі ўладаў таксама зрабілі свой унёсак у агульны букет, паклаўшы ў яго і свае кветкі.

Напачатку Наталля Сінюковіч зачытала прывітальны ліст ад кіраўніка Дзяржынскага раёна Мікалая Арцюшкевіча, а потым ад сябе таксама павіншавала вернікаў са святам.

Сяргей Мінько ў сваім прывітальным слове ўзгадаў гісторыю стварэння парафіі ў Негарэлым. Яна вядзе сваю гісторыю са жніўня 2006 года, калі біскуп Антоні Дзям’янка, які на той час з’яўляўся дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падпісаў Дэкрэт аб стварэнні парафіі Перамянення Пана ў Энергетыкаве. У наступным годзе гэта каталіцкая супольнасць была афіцыйна зарэгістравана. Напачатку касцёл планавалася будаваць у Энергетыкаве, які з’яўляецца пасёлкам і цэнтрам Негарэльскага сельсавета. Але там не ўдалося атрымаць участак зямлі, таму ў выніку храм паўстаў тут, у Негарэлым. Паўстаў дзякуючы руплівай працы ксяндза Дзяніса Шастаковіча, які ад 2011 года з’яўляецца пробашчам парафіі Перамянення Пана. Пра будаўніцтва касцёла мы яшчэ распавядзем падрабязней.

Васіль Гаркаўчук адзначыў той факт, што на сённяшняй урачыстасці прысутнічаюць не толькі католікі, але і праваслаўныя. “Бог у нас адзін, толькі канфесіі розныя, – адзначыў кіраўнік сельсавета. – Мы вельмі радыя, што у нас у Беларусі няма канфліктаў на рэлігійнай глебе, што і католікі, і праваслаўныя, і людзі іншых рэлігій і нацыянальнасцей жывуць разам у згодзе”.

Пасля выступу прадстаўнікоў улады на сцэне адбыліся выступы парафіяльнага хора і мясцовай спявачкі Таццяны Міляшкевіч. Дарэчы, Таццяна таксама спявае і падчас набажэнстваў у касцёле.

xor

Прысутнічаў на свяце і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзіслаў Цыдзік, які таксама прывітаў са сцэны ўдзельнікаў мерапрыемства.

Таксама ўдзельнікі святкавання ўзгадалі добрым словам і тых вернікаў, хто таксама прымаў удзел у будаўніцтве храма, але не дажыў да сённяшняга дня. Ад іх імя таксама былі пакладзены букет жоўтых кветак у агульны святочны букет.

Закончылася першая частка святочнай праграмы таксама, як і пачалася, – спевам гімну “Магутны Божа” ў выкананні Валерыя Шмата. Але на гэты раз вернікі не толькі слухалі спевака, але таксама спявалі разам з ім.

Касцёл у Негарэлым будавалі ўсе разам

Як распавядаюць мясцовыя жыхары, свайго касцёла ў Негарэлым не было. Вернікам даводзілася ездзіць у Рубяжэвічы, Нясвіж, пасля з’явіліся касцёлы ў Мінску і Дзяржынску.

Наогул, варта ўзгадаць той факт, што з 1921 па 1939 год станцыя Негарэлае выконвала ролю галоўных варот тагачаснага Савецкага Саюза. Непадалёк праходзіла граніца з Польшчай і ў Негарэлым спыняліся ўсе міжнародныя цягнікі. А меўшы статус прыгранічнай станцыі, пра ніякае будаўніцтва храма не магло быць і гаворкі. У пасляваенныя часы касцёлы ў Беларусі не толькі не будаваліся, але разбураліся і тыя, якія захаваліся. Сітуацыя змянілася толькі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Беларусі сталі адраджацца закінутыя храмы, а пасля і будавацца новыя.

Гадоў пяць таму прадстаўнікі парафіі Перамянення Пана разам з маладым пробашчам мелі сустрэчу з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Яны прасілі дапамагчы ў справе будаўніцтва будынка храма, бо да гэтага вернікам прыходзілася маліцца ў розных памяшканнях: гэта былі і прыватныя кватэры, і дзцячы лагер, і падвал дома.

Арцыбіскуп прапанаваў вернікам знайсці пустуючае памяшканне, каб потым перарабіць яго ў касцёл.

kaczanouskaja

Марыя Качаноўская

Успамінае актывістка парафіі Марыя Качаноўская:

– Мітрапаліт параіў нам тады: шукайце якое-небудзь непрыдатнае памяшканне, трошкі яго адрамантуйце і маліцеся. Але пан Бог захацеў, каб было не трошкі, а было цудоўна. Раней у нас у Негарэлым нават крыжа не было, а зараз стаіць такая цудоўная святыня.  

Закінуты будынак быў знойдзены – гэта была недабудаваная крама, якую вернікі выкупілі ў гаспадыні. Але яна была ў дрэнным стане, таму яе прыйшлося знесці і пачынаць будаўніцтва ад самага падмурка.

– Трэба адзначыць, што парафія ў нас вельмі дружная, людзі вельмі ахвярныя. Прыходзілі на працу ўсе і хто мог, і хто не мог, узгадвае Марыя Качаноўская, – А хто зусім не мог, то на сваё месца наймаў іншых людзей. Старэйшыя людзі, хто не мог несці кошыка ці вядра з камянямі, цягнулі іх па зямлі. Іх прасілі, каб яны не прыходзілі, бо гэта небяспечна для іх здароўя, а яны адказвалі, што гэта іх святыня, і яны хочуць узяць удзел у яе будаўніцтве. І да каго я не звярталася па дапамогу, ніхто ні разу мне не адмовіў.

Яе муж, Франц Качаноўскі, прымаў удзел у будаўніцтве храма ад самага яго пачатку. Ён пацвярджае словы жонкі аб тым, што людзі па першаму слову пробашча або Марыі Антонаўны прыходзілі, каб дапамагчы ў будаўніцтве святыні.

Пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF таксама падкрэсліў, што яго парафія вельмі дружная. На Імшу збіраецца звычайна паўсотні чалавек, а ў вялікія святы можа быць і сотня вернікаў. Пасля Імшы, калі ў каго дзень нараджэння або якое іншае свята, вернікі застаюцца, каб павіншаваць адзін аднаго. А будаўніцтва касцёла, па словах святара, яшчэ больш аб’яднала гэтых людзей:

– Святыня заўсёды аб’ядноўвае, гэта як вялікі сямейны дом. Гэта могуць быць людзі рознага ўзросту, з розных сацыяльных груп, але іх аб’ядноўвае вера.

Мітрапаліта сустракалі з музыкай

Пасля сканчэння першай часткі святочнага мерапрыемства людзі выйшлі на пляц перад Домам культуры, каб сустрэць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Па традыцыі, вернікі прыпадняслі іерарху хлебны каравай, а хор пад гукі гармоніка прывітаў Мітрапаліта сваім спевам. Арцыбіскуп Тадэвуш акрапіў прысутных святой вадой, пасля чаго святочная працэсія вырушыла па галоўнай вуліцы да касцёла.

kandrusievicz_6

Каля будынка храма святочную працэсію сустрэлі ігрой музыкі, якія прыехалі ад Дзяржынскага аддзела культуры. Было відаць, што такая цёплая сустрэча вельмі спадабалася Мітрапаліту, бо ён прывітаўся за руку з кожным музыкантам. Пасля гэтага арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ўручылі сімвалічны ключ ад касцёла.

Перад тым як адчыніць касцёл, ён сказаў: “Ключ мае вялікае сімвалічнае значэнне. Ключом мы закрываем свае памяшканні, каб у яго не трапілі зламыснікі, але ім мы таксама іх адчыняем. Былі часы, калі закрывалі касцёлы, цэрквы, малітоўныя дамы. Але, дзякуй Богу, гэтыя часы мінулі. І я з радасцю адчыняю для вас гэты храм”.

kandrusevicz_3

Вера як гіракомпас

Напачатку святой Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі асвяціў алтар, сцены храма і саміх вернікаў святой вадой, бо менавіта вада з’яўляецца сімвалам ачышчэння.

Іерарх выказаў падзяку ўсім тым, хто спрычыніўся да будаўніцтва храма ў Негарэлым: будаўнікам, вернікам, архітэктарам, мясцовым уладам, спонсарам будаўніцтва. Асаблівая ўдзячнасць была выказаная Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і, дзякуючы якой і быў рэалізаваны гэты праект. Правінцыял гэтага ордэна ксёндз Адам Сопчык MSF прыехаў у Негарэлае, каб асабіста ўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах. Дзякуючы іх падтрымцы ў Беларусі пабудавана ўжо дзесяць храмаў, а яшчэ тры знаходзяцца ў стане будаўніцтва.

У сваім слове да вернікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на сцэну Перамянення Пана, якая апісанае ў Евангеллі:

– Сцэна перамянення заварожвае кожнага, хто яе слухае. Яна таксама прадстаўляе многа матэрыялу для разважанняў. І гэта натуральна. Колькі паэмаў напісана пра горы! Колькі людзей кожны дзень накіроўваюцца ў горы, вельмі часта нават рызыкуючы сваім жыццём! Горы іх прыцягваюць, як магніт.

Іерарх узгадаў, што менавіта на гары Сіён Бог даў Майсею дзесяць запаведзей. І зараз гэтыя запаведзі не састарэлі. Нават камуністы, калі рыхтавалі свой “Маральны кодэкс будаўніка камунізму” ўзялі за аснову гэтыя запаведзі. Праўда, у гэтым кодэксе не знайшлося месца для Бога, таму і няма зараз камунізму, а Бог ёсць.

Мітрапаліт параўнаў веру з гіракомпасам – апаратам, які прымяняецца да карэкціроўкі палётаў касмічных караблёў. Калі касмічны апарат адхіляецца ад сваёй траекторыі, гіракомпас карэкціруе гэты палёт. Вось такім гіракомпасам у нашым жыцці павінна быць наша вера.

kasciol_2

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп адзначыў:

– Дарагія вернікі Негарэлага, вы так доўга чакалі, каб мець свой касцёл, у якім будзе цэлебравацца Эўхарыстыя. Нарэшце ва ўзнёслай радасці, вы можаце паўтарыць разам са святым Пятром: “Пане, як добра нам тут быць”. Сапраўды добра, бо тут у слове Божым, сакрамантах, перадусім у Эўхарыстыі, ёсць Хрыстус. Менавіта Ён умацоўвае ў жыццёвых цяжкасцях, каб мы заўсёды маглі казаць, што нічога нас не пазбавіць Божай любові, якая стала бачнай у Езусе Хрысце, Які жыве ў сваім Касцёле. І няхай так будзе.

У Негарэлым Бог жыве

Словы “У Беларусі Бог жыве” былі прамоўленыя яшчэ ў першай, канцэртнай, частцы мерапрыемства. Але вернікі сказалі больш дакладна “У Негарэлым Бог жыве”. З гэтым пагадзіўся і арцыбіскуп, які сказаў гэтыя словы напрыканцы святой Імшы. Ён таксама адзначыў еднасць парафіі ў Негарэлым, якія разам са сваім пробашчам за невялікі тэрмін змаглі пабудаваць такую прыгожую святыню.

Падчас Імшы іерарх зачытаў і падпісаў Дэкрэт аб асвячэнні касцёла. Яго падпісалі таксама ўсе прысутныя святары. Адзін экзэмпляр Дэкрэта быў перададзены пробашчу парафіі, другі – у архіў курыі.

podpis_dekreta

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ў Негарэлым ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF яшчэ раз падзякаваў усім тым, хто спрычыніўся да будаўніцтва касцёла, а таксама да падрыхтоўкі гэтага свята. Ксёндз стараўся нікога не пакрыўдзіць, таму пералік быў даволі працяглым. Вернікі і прадстаўнікі ўладаў таксама ўручылі кветкі і падарункі для Мітрапаліта, ксяндза-правінцыяла і пробашча парафіі. З гэтай нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нават пажартаваў, што найбольш працяглая частка Імшы атрымалася паміж Камуніяй і блаславеннем.

Але ніхто не адчуваў стомленасці, усе былі вельмі ўдзячныя Богу за гэтае свята.

kaczanouski

Франц Качаноўскі

– Я лёг спаць у час ночы, у пяць падняўся, – кажа Франц Качаноўскі, – але стомленасці не адчуваю. У мяне святочны настрой, быццам у іншым свеце пабываў. Проста ляцець хочацца.

Яго жонка Марыя выказалася так:

– Я адчуваю радасць. Мы радаваліся з першага дня, як толькі пачалі камяні закладаць у падмурак. Мы заўсёды працавалі з песняй і малітвай. Нават дождж нас не мог прагнаць. Мы лічылі, што Бог нас такім чынам бласлаўляе. Таму мы бязмерна ўдзячны пану Богу за сённяшні дзень.

Разам з вернікамі парафіі ў Негарэлым у свяце прымалі вернікі з суседніх парафій: з Дзяржынска, Узды, іншых месцаў. Верніца парафіі ў Дзяржынску Ніна Макарэвіч адзначыла, што яны прыехалі сюды не толькі каб святкаваць, але і дапамагчы суседзям у падрыхтоўцы святочнага мерапрыемства.

– Мы вельмі радыя адчуваць сябе адзінай вялікай каталіцкай сям’ёй. І гэта свята не толькі ў нашых суседзяў, але ва ўсіх нас, – адзначыла спадарыня Ніна.

Закончылася святая Імша спевам гімну “Магутны Божа”, які гучаў у Негарэлым у гэты дзень у трэці раз.

А напрыканцы ўсіх удзельнікаў фэсту запрасілі ў Дом культуры, дзе іх чакаў смачны абед.

А парафія ў Негарэлым пачала адлік другога дзесяцігоддзя свайго існавання.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа

 

для друку для друку