У Неапалі адбылася незвычайная з’ява пасля пацалунку рэліквіярыя Папам Францішкам

vatykan«Быць святарамі і законнікамі – цудоўна», — адзначыў Папа Францішак 21 сакавіка падчас сустрэчы з неапалітанскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і сталымі дыяканамі, якая прайшла ў мясцовым архікатэдральным касцёле. Як інфармуе Ватыканскае радыё, перад сустрэчай Пантыфік памаліўся каля рэліквій св. Януарыя, апекуна горада, якія захоўваюцца ў базыліцы. “Трэба заўсёды знаходзіць час для таго, каб пабыць перад табернакулюмам, пабыць у маўчанні, каб адчуць на сябе позірк Езуса, якія абнаўляе і вяртае да жыцця”, — напісаў Папа ў пасланні, якое перадаў удзельнікам сустрэчы.

“Менавіта малітва паказвае ці крочым па шляху жыцця ці шляху падману (…), ці дзейнічаем як добрыя працаўнікі ці пераўтварыліся ў “служачых”, ці з’яўляемся адкрытымі каналамі, праз якія выходзіць любоў і ласка Пана, ці ставім сябе ў цэнтр, пераўтвараючыся ў “агароджы”, якія не дапамагаюць сустрэчы з Панам”, — напісаў Папа.

Падчас сустрэчы Святога Айца з неапальскім духавенствам і кансэкраванымі, кроў св. Януарыя, якая захоўваецца ў спецыяльным рэліквіярыі і звычайна перабывае ў зацвярдзелым стане, пачала пераўтварацца ў вадкую. Традыцыйна падобная з’ява адбываецца толькі падчас успаміну нябеснага апекуна горада, 19 верасня. “Св. Януарый любіць Папу Францішка, кроў стала вадкай напалову”, — абвясціў арцыбіскуп Неапаля кардынал Крэшчэнца Сэпэ пасля таго, як Пантыфік пацалаваў рэліквіярый. Францішак у адказ пажартаваў, што “калі напалову – гэта значыць, трэба яшчэ прыкласці намаганні для навяртання”.

для друку для друку