У Наваполацку моладзь вучылася дазваляць сябе ўратаваць і прасіць аб дапамозе

У першыя дні Вяліка посту, з 28 лютага па 1 сакавіка, у кляштары сясцёр Змёртвыхпаўстанак у Наваполацку сабралася мясцовая моладзь, а таксама прыехалі з Шаркаўшчыны і Глыбокага, каб разам перажыць свае рэкалекцыі. Тэма была — “Дазволь сябе ўратаваць”.

Маладыя людзі распачалі свой шлях малітоўнай вандроўкі разам з Хрыстом падчас Крыжовай дарогі. Пераходзячы ад стацыі да стацыі, абуджалася свядомасць, што гэта дарога нашага выбару; дарога, якая вучыць прымаць рашэнні або выбіраць і быць ім вернымі, а таксама прыслухоўвацца да Божага голасу.

У чарговы дзень вандроўкі спадарожнічаў прарок Ёна. У часе малітвы, канферэнцыі, працы ў групах удзльнікі ўсё больш і больш знаходзілі падабенства з гэтай асобай, і прарок Ёна станавіўся для іх вельмі блізкім. Можа нарадзіцца пытанне: “Чаму?” Адказ вельмі просты. Ёна перажываў хвіліны роспачы, калі здавалася, што “ніжэй” ужо нельга; уцякаў ад Бога, каб толькі нічога не змяняць у сваім жыцці, каб не губляць сваю прастору камфорту. Вельмі падобнае адбываецца і з сучаснай моладдзю. Кожны з нас, як і прарок Ёна, баіцца быць інструментам у руках Бога.

Добра ведаем, што час прабывання ўнутры рыбы прыводзіць Ёну да навяртання, якое распачынаецца ад згоды на дыялог, ад шчырай малітвы аб паратунку. Падчас сакраманту пакуты і паяднання, падчас святой Імшы з маладых сэрцаў вырываўся крык аб ратаванні.

Умацаваныя Хлебам жыцця, атрымалі запрашэнне на сустрэчу “тварам у твар” з тым, Хто можа ўсё. Час адарацыі быў момантам, калі моладзь дазволіла сябе ўратаваць ад голаду любові, ад закамянеласці сэрца.

Вялікі пост – гэта пасхальная дарога Твайго і майго Уваскрасення. Гэта час, калі трэба навучыцца дазваляць сябе ратаваць, а таксама навучыцца прасіць аб дапамозе.

с. Марыя Пія CR

для друку для друку