У наваколлях Друі пішуцца працы для будучага кляштарнага музея

студэнты-21У Друі пачаўся мастацкі пленэр “Пачаткі” – супольны праект каталіцкага святара, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча і мастачкі з Мінску Вольгі Куваевай, іканапісныя працы якой упрыгожваюць святыні ў Друі на Браслаўшчыне і Фашчаўцы на Шклоўшчыне.  У першы дзень пленэру да мастакоў, якія асвойваюць новы далягляд, далучыўся карэспандэнт КРЫНІЦЫ. INFO.

студэнтыУ Друю прыехалі 18 мастакоў ­– вядомыя творцы Дзмітрый Сурыновіч, Алесь Суша, Галіна Раманава, – у першы вечар пасля вячэры госці і гаспадар кляштара глядзелі яе аўтарскія мультфільмы, – а таксама маладыя мастакі, студэнты Беларускай Нацыянальнай Акадэміі мастацтваў.  І гэта значыць, што праз тыдзень, калі мастакі пакінуць кляштар, у яго мурах застануцца 18 палотнаў – традыцыйна ўдзельнікі пленэраў пакідаюць адну з працаў пад гасцінным дахам месца, дзе адбыўся пленэр. Агульная ж выстава народжаных падчас знаходжання ў Друі працаў адбудзецца ў наступную нядзелю, у апошні дзень пленэра, калі друйскія жыхары сыйдуцца да нядзельнай святой Імшы, а ў кляштар завітае яшчэ адзін госць – паэт, бард і рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін, які прыедзе з невялікай праграмай уласнай творчасці і прэзентуе чарговы нумар часопіса, у якім, сярод іншага, змешчаная нізка вершаў кс. Сурыновіча.

студэнты1Мастакі пачалі з’язджацца ў Друю ранкам 6 ліпеня. Творцаў з Мінску чакалі падрыхтаваныя келлі, у якіх некалі жылі манахі-марыяне, што стварылі тут на пачатку мінулага стагоддзя буйны асяродак беларушчыны, які даў моцныя культурныя і духоўныя парасткі. “Пачаткі” – скразны панятак тутэйшай мясціны, якая захавала велічныя абрасы насуперак татальнаму знішчэнню падчас атэістычнай эпохі і нават цяпер, калі колішняя магутнасць мястэчка знікла ў вэлюме часу, застаецца сакральным волатам з каменю, што сцеражэ межы часовага і адвечнага.

Гасцей з Мінску прывітала творчасць Яна Рыдзікі, таленавітага мастака з-пад Браслава, палотны якога, развешаныя па сценах кляштара,  шмат гадоў збірае кс. Сурыновіч, гэтая прыватная калекцыя экспанавалася ў некалькіх галерэях Беларусі. Аб сувязі творчасці Рыдзікі і тутэйшых мясцінаў апавяла Вольга Куваева, пасля чаго мастакі разыйшліся па мястэчку шукаць Друю, якая народзіцца ва ўласных працах, а ўвечары, зноў сабраўшыся за агульным сталом, зладжаным у карыдоры кляштару, атрымалі прапанову адчуць смак месца і мясціны ад рэжысера Іллі Бажко, выпускніка Акадэміі, аўтара па-мастацку моцнага фільма, знятага ў апошні год падчас наведванняў кляштара. Ягоная кінапраца, частка якой увайшла ў дыпломную працу творцы, сталася аўтарскім паэтычным аповедам пра сучасны стан Друі, у якім адчуваецца гул стагоддзяў і цяжар часу ў сценах кляштара. Паказаная моўкнымі паэтычнымі візіямі гісторыя Друі на фоне гісторыі Беларусі сталася аб’ектам зацікаўленасці рэжысера яшчэ і таму, што Друя знаходзіцца на ўскрайку Беларусі, іншая краіна – Латвія – бярэ пачатак літаральна ў некалькіх метрах ад узгорку над Дзвіной, на якім узвышаецца кляштар.

студэнты-5

Рэлігія і мастацтва маюць агульныя пачаткі, суплёт прагненняў да прыгожага наскрозь прасякае і першы, і другі тып мыслення. “Мы пазнаем Бога праз створаны праз Яго свет, – разважае кс. Сурыновіч. –  Мастацтва ў сваім факце паўстання і радовішча з’яўляецца натхнёнай праявай чалавека, які, дзякуючы свайму таленту, можа і гэты свет, і яго ўспрыняцце праз асобу творцы і тэхнікі, накірунку, почырку, фарбы, –  раскрыць і падкрэсліць. Папа Францішак кажа: “Ва ўсе часы Касцёл заклікаў мастацтва дэманстраваць прыгажосць веры і абвяшчаць евангельскае пасланне пра веліч Божага стварэння, пра годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства, пра сілу смерці і ўваскрасення Хрыста, які прынёс адкупленне і адраджэнне ў свет, крануты трагедыяй граху і смерці”. Менавіта гэтыя думкі і пасыл мы і хочам увасобіць у пленэры, які распачаўся ў Друйскім кляштары, даносячы яго як да гледачоў і прыхільнікаў мастацтва, так і да саміх мастакоў”.

Сучаснае мастацтва старанна пазбягае простага адтварэння рэчаіснасці, тым не меней, маляваць друйскія краявіды пажадала мноства мастакоў. Запрасіць у Друю атрымалася далёка не ўсіх. “Я хацела сабраць мастакоў, якія працуюць у розных накірунках, каб была магчымасць перадаць Друю ў розных станах, – апавядае Вольга Куваева. – Сёння ў Друі сабраліся жывапісцы розных пакаленняў, пачынаючы са студэнтаў Акадэміі мастацтваў трэцяга курсу і сканчваючы сталымі творцамі з Саюзу мастакоў. Спадзяюся, што розніца ў пакаленнях дасць магчымасць пабачыць «рознымі вачыма» на гэтую мясцовасць. Але ў асноўным — накірунак на класічную жывапісную школу, якая, як мне падаецца, ёсць адным з самых шчырых і праўдзівых хадоў у мастацтве. Таксама ёсць сярод удзельнікаў мастак-графік, і ёсць мастак-абстракцыяніст, якая знайшла свой накірунак у жывапісу менавіта тут, на Браслаўшчыне”.

суриновичи

..Ад ранку мастакі прыступяць да працы, разыйшоўшыся з мальбертамі па ўпадабаных куточках. Пакуль жа да старажытных муроў прыхіленыя белыя загрунтаваныя палотны, якія стануцца часткай музея кляштара, над стварэннем якога сёння працуе святар.

для друку для друку