У Навагрyдку прайшоў IV Фестываль сям’і (відэа)

Ён быў арганізаваны парафіяй Святога Міхала Арханёла і адбыўся ў суботу, 18 мая.

Як і ў мінулыя гады, фестываль сабраў шмат сем’яў рознага веравызнання і стаў для навагрудчан сапраўдным святам.

Да пачатку фестывалю ў касцёле святога Міхала Арханёла адбылася святочная Імша ў інтэнцыі сем’яў. Затым у суправаджэнні аркестра і дзіцячага ансамбля “Жавароначкі” усе прысутныя прайшлі ад плошчы да гарадскога парку, дзе адбывалася асноўная частка фестывалю. Шэсце сем’яў – добрая і яркая фестывальная традыцыя.

У пачатку вялікай святочнай праграмы ўдзельнікаў фестывалю прывітаў прадстаўнік мясцовай улады і пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, які адзначыў, што здаровая, хрысціянская сям’я – моцны падмурак нашага грамадства і адзіны шлях, каб збудаваць будучыню для наступных пакаленняў.

Як сказаў у інтэрв’ю кс. Юрый Жэгарын, яму вельмі прыемна бачыць на фестывалі шмат сем’яў (не толькі каталіцкіх) і тое, што фестываль выйшаў ужо па-за межы парафіі. У гэтым годзе актыўны ўдзел прымалі сем’і з парафіі ў Стаўбцах.

У праграме былі сямейныя і дзіцячыя конкурсы, выступленне дзіцячага калектыву “Жавароначкі”, малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартыўныя эстафеты і шмат іншага. Парк быў напоўнены дзіцячым гоманам, смехам і радасцю. Дзеці і дарослыя гулялі, спявалі, малявалі і проста весяліліся ад душы. Усе ўдзельнікі гульняў і конкурсаў атрымалі падарункі і памятныя сувеніры. На працягу мерапрыемства прысутных забаўлялі роставыя лялькі, працавалі атракцыёны.

У рамках свята прайшло адразу некалькі конкурсаў. Самым смачным стаў традыцыйны конкурс хатняй выпечкі, удзел у якім прынялі рэкордныя 32 працы.

Свае вакальныя, танцавальныя і іншыя таленты сем’і прадэманстравалі падчас творчага конкурсу. Усе ўдзельнікі падарылі шмат радасных хвілін журы і гледачам.

Матэрыялы прадастаўлены парафіяй Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку

для друку для друку